Беларусы пацярпелі найбольш? Як Крэмль ставіў эксперыменты над народамі


Ці ведаеце вы, што на беларуска-ўкраінскім Палессі з’явіўся новы народ – яцвягі? Пра гэта гаварылася ў апошнія гады існавання СССР. Пра гэты ды іншыя прыёмы нацыянальнай палітыкі ў Савецкім Саюзе, а таксама пра тое, як яна паўплывала на канфлікты ў Крыме і на Данбасе, высвятляем у новым выданні гістарычнага ток-шоу «Intermarium».

У супрацьвагу Расейскай імперыі, якую называлі «турмой народаў», савецкае кіраўніцтва абяцала права на самавызначэнне. І ў 1920-я гады, калі пачалася палітыка беларусізацыі ды ўкраінізацыі, гэтае абяцанне сапраўды не выглядала беспадстаўным.

Толькі ў наступным дзесяцігоддзі савецкія ўлады ўзялі ўжо зусім іншы курс. Нацыянальна свядомая інтэлігенцыя была ліквідавана, шмат якія мастацкія творы і навуковыя працы апынуліся пад забаронай ці былі знішчаныя. Мясцовае кіраўніцтва было пазбаўлена права вырашаць якія-кольвек важныя пытанні: усё знаходзілася пад пільным кантролем Масквы.

Пры гэтым ва ўсіх Канстытуцыях СССР было замацавана права рэспублік на выхад з яго складу. У рэальным жа жыцці замест гэтага цэлыя народы – прыкладам, татары або чачэнцы – падвяргаліся высяленню са сваёй радзімы.

Intermarium
Як з беларусаў, літоўцаў і ўкраінцаў ляпілі савецкіх людзей
2019.02.17 22:30

Аднак Пятро Кралюк, доктар філасофіі, прафесар Астрожскай акадэміі (Украіна) лічыць, што ад савецкай палітыкі найбольш пацярпеў украінскі народ:

«Давайце прыгадаем галадамор 1932-33 гг., у выніку якога, па падліках памерлі ад 5 да 7 мільёнаў чалавек. Гэта значыць, што прыкладна чацвёртая частка ўкраінскага насельніцтва была па-варварску знішчана. Прычым гэта быў таксама элемент нацыянальнай палітыкі – знішчалі перадусім украінцаў, а іх месцы займалі расейцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў».

Пасля заканчэння сталінскіх рэпрэсіяў народы перасталі знішчаць фізічна. Перавагу аддалі іншым метадам. Савецкае кіраўніцтва абвесціла аб узнікненні новай гістарычнай супольнасці людзей – савецкага народа, які нібыта прыйшоў на змену нацыям, якія існавалі раней, і дазволіў пераадолець усе міжнацыянальныя супярэчнасці.

«Беларусь па загадзе Хрушчова зрабілі эксперыментальным полем для савецкага народа, – распавядае ў студыі гістарычнага ток-шоу «Intermarium» гісторык Алег Трусаў, які выконвае абавязкі рэктара ўніверсітэту імя Ніла Гілевіча ў Менску. – І пачалося гэта ў 1959 годзе. Паводле загаду з Масквы змянілі Закон аб адукацыі ў БССР. У 1960-м закрылі ўсе гарадскія беларускія школы. Дазволілі вызваляць дзяцей на просьбу бацькоў ад вывучэння беларускай мовы і літаратуры. Палова маіх аднакласнікаў гуляла ў футбол замест таго, каб вывучаць беларускую мову і літаратуру. Такога не было нідзе».

З ім згаджаецца Пятро Кралюк:

«Існавалі пэўныя рэгіянальныя адрозненні ў нацыянальнай палітыцы Савецкага саюзу. Калі ў Беларусі, напрыклад, адбывалася татальная русіфікацыя, то ва Украіне ўсё ж такі была ў гэтым плане больш ліберальная палітыка. Што датычыцца Літвы, то тут была яшчэ больш ліберальная палітыка».

Пры гэтым ён дадае, што з украінскімі ВНУ адбывалася тое ж, што і з беларускімі: «Я памятаю, што ў 1970-ыя гады масава ўкраінскія ўніверсітэты пачалі пераводзіць на расейскую мову і рабілася гэта абсалютна свядома. Таксама для настаўнікаў расейскай мовы ўводзіліся шматлікія прывілегіі. І склалася так, што ўкраінская мова перастала быць прэстыжнай у выкладанні. І на факультэты ўкраінскай мовы і літаратуры, як правіла, паступалі не дастаткова добра падрыхтаваныя людзі. Усё ж такі самыя высокія конкурсы былі на спецыяльнасцях, звязаных з расейскай мовай, з замежнай мовай, а ўкраінская мова была адсунутая на дальні план. На мой погляд, падобная палітыка праводзілася і ў іншых рэспубліках, дзесьці ў большай ступені, а дзесьці ў меншай. Прагназавалася, што праз нейкі час мае паўстаць савецкі народ, які будзе размаўляць на расейская мове, а нацыянальныя адметнасці павінны знікнуць».

Intermarium
Беларуская мова: гісторыя здрады
2019.09.22 23:00

Удзельнікі дыскусіі ўзгадваюць і пра спецаперацыю апошніх гадоў існавання СССР: таямнічых яцвягаў, якія раптам з’явіліся на беларуска-ўкраінскім памежжы. Пра гэта, а таксама пра тое, як у Савецкім Саюзе хацелі перасварыць іншыя народы і як гэта вылілася ў міжнацыянальныя канфлікты нашых часоў глядзіце ў новым выданні ток-шоу «Intermarium» (відэа ў пачатку артыкула).

У дыскусіі таксама ўдзельнічаюць Владас Сірутавічус, доктар гісторыі з Інстытуту гісторыі Літвы (Вільня) і Айрат Файзрахманаў, кандыдат гістарычных навук (Казань, Татарстан, Расея).

ІА, belsat.eu

Калаж з фота Isak Sierbaŭ (Ісак Сербаў) – Vilnia University LibraryГородна – полеське местэчко, Грамадскі набытак / commons.wikimedia.org