Грамадзяне, банкі і дзяржава пазычаюць адзін у аднаго, ды яшчэ і за мяжой. Колькі мы ўсе разам вінныя і да чаго тое можа давесці, распавядае эксперт праграмы «Асабісты капітал» Міхал Залескі.
Калі нашы вялікія начальнікі былі маленькія, то чулі па радыё, што прадпрыемствам не хапае абаротных сродкаў. Цяпер яны выраслі, і мае ўнукі могуць пабачыць у інтэрнэце інтэрв’ю і пачуць, як скардзяцца вялікія начальнікі на той самы недахоп. Прадпрыемствы пазычаюць, ды ўсе пазычаюць: і людзі, і банкі, і дзяржава. Пра даўгі і пагаворым.
Паколькі іншых грошай, акрамя тых, што зарабілі грамадзяне, ствараючы тавары і паслугі, у прыродзе не існуе, пачнём з грамадзянаў.
Рост запазычанасці грамадзянаў перад установамі банкаў па крэдытах, атрыманых у беларускіх рублях, хутчэйшы за рост заработнай платы і прадукцыйнасці працы.
А яшчэ ж ёсць крэдыты ў замежнай валюце і тыя пазыкі, што атрыманыя ў не банкаўскіх установах і ў іншых грамадзянаў. Аддаваць тое можна ў асноўным з зарплаты, бо іншыя крыніцы прыбытку параўнальна малыя.
Зарплата, каторую выплачваюць усе прадпрыемствы і арганізацыі краіны, складае на сённяшні дзень крыху больш чым трэцяю частку агульнай запазычанасці работнікаў.
Запазычанасць прадпрыемстваў і арганізацыяў, што выдаюць заработную плату, ледзь не ўтрая большая за запазычанасць той зарплаты атрымальнікам. Да таго ж прадпрыемствы не плацяць адно аднаму, і пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасць складае прыкладна чвэрць ад таго, што яны мусяць аддаць банкам. І не забудзем, што вялікія прадпрыемствы пазычаюць яшчэ і за мяжою.
Банкі дзеля таго і існуюць, каб даваць пазыкі і атрымліваць за тое сваю ліхву. А пазыкі яны даюць з прыцягнутых грошай: вернутай ліхвы, укладаў, астаткаў сродкаў на рахунках і, зноў жа, пазыкаў. Разам гэта прыкладна 76 мільярдаў рублёў.
Пазычаць, у побытавым такім, спрошчаным сэнсе, банкі могуць адно ў аднаго, альбо ў замежных банкаў, альбо ў дзяржавы. Падкрэслю, рух грошай у банкаўскай сістэме – рэч не простая і дынамічная, але зрэшты можна і так сказаць: прыкладна 9 % ім пазычае дзяржава, 2 % – іншыя банкі і 13 % – замежныя банкі.
Тая дзяржава ёсць інструментам нацыі дзеля самакіравання, таму грошы яна не зарабляе, а толькі бярэ на свае патрэбы праз падаткі, мыта, штрафы альбо пазычае ў сваіх грамадзянаў ці ў іншых нацый.
Памер чыста дзяржаўнай запазычанасці, як па міжнародных стандартах, не павінен выклікаць трывогі: знешні доўг у верасні быў 16 мільярдаў рублёў і нутраны – дзевяць.
Але ж кожны тут ведае, дзе жыве, таму казаць, што нехта шалёныя грошы без ведама дзяржавы пазычае ці аддае камусьці, не выпадае. Таму агульную знешнюю запазычанасць трэба ацэньваць як дзяржаўную, і набярэцца тога мільярды 43.
Народнае стаўленне да пазычаных грошай пад уплывам айчыннай рэкламы і замежнай культуры радыкальна змянілася, але ніхто яшчэ не адмяняў правіла: пазычыў – вяртай. Каб вяртаць, трэба рабіць такое, што ва ўсім свеце купляюць. Рабіце, хто вам не дае.
Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце. Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках. Падпісвайцеся на нашурассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».
Міхал Залескі, belsat.eu