Так склалася ў нашым шматнацыянальным рэгіёне, што адным з гарантаваных спосабаў узняць тэмпературу сяброўскай размовы ёсць габрэйская тэма.
Гісторыя Беларусі непарыўна звязаная з габрэямі, якія здаўна жылі на нашых землях. Але што мы сёння ведаем пра супольнае мінулае і асабліва пра ўзаемаадносіны ў апошнія стагоддзі? У Савецкім Саюзе беларусы не мелі свабоды не толькі гістарычных даследаванняў, але і кантакту з вонкавым светам. У пасляваенны час будаваліся ўжо іншыя па зместу ўзаемаадносіны.
Сёння складаецца ўражанне, што гісторыя беларускіх габрэяў практычна невядомая, а іх месца ў беларускай гісторыі надалей нявызначанае. А тое, што мы ведаем, шчыльна прасякнутае ідэалагічнымі ўстаноўкамі і палітычнымі метамі розных зацікаўленых бакоў.
З 1933 да 1945 года нацысцкі і савецкі рэжымы знішчылі каля 14 млн чалавек. Адольф Гітлер планаваў не толькі знішчыць габрэяў, але і ліквідаваць Польшчу і Савецкі Саюз як дзяржаўныя ўтварэнні, знішчыць іх эліту і забіць дзясяткі мільёнаў украінцаў, палякаў, беларусаў і расейцаў. У сваю чаргу, Савецкі Саюз у 1930-я гады быў адзінай дзяржавай у Еўропе, якая практыкавала палітыку масавых забойстваў – праз голад, расстрэлы і лагеры.
Другая сусветная вайна цалкам справядліва прымусіла нас глядзець на масавыя забойствы ХХ ст. толькі як на трагедыю габрэйскага народу, толькі як на гісторыю габрэяў. Але нельга забываць, што гэта была жахлівая старонка і беларускай гісторыі.
Беларуска-габрэйскія адносіны – гэта гісторыя цудоўных прыкладаў сяброўства і адкрытасці, стагоддзяў суіснавання, але таксама гісторыя праблем, напружанасці, цярпення і пераследу.