Беларусы дорага плоцяць за памылкі чыноўнікаў


Набыў чалавек зямлю, а аказалася, што дзяржава забылася спагнаць за яе грошы з мінулага гаспадара. А нехта з чыноўнікаў забыўся занесці арышт на аўта ў базу, і гаспадар яго прадаў як «чыстае». Памыляюцца чыноўнікі, а плоцяць за іхныя памылкі простыя людзі.

Айцішнік набыў дзялянку зямлі пад Менскам, каб пабудаваць дом сям’і, а праз тры месяцы сельвыканкам падаў на мужчыну ў суд, каб зямлю сканфіскаваць. Бо першы ўласнік надзелу дасюль не разлічыўся за яго з выканкамам.

Гаворка ідзе пра Міхаіла Траціннікава, якога цяпер судзяць за махлярства. Два гады ён не выплочваў растэрміноўкі, але сельсавет гэтага не заўважаў. Спадар Траціннікаў прадаў зямлю разам з пазыкаю – і чыноўнікі таксама нічога падазронага не пабачылі. Наш герой Пётр – ужо трэці ўладальнік надзелу.

«Яны сказалі, што ў іх цягам гэтых двух гадоў памянялася чатыры бухгалтара, таму, мабыць, гэта дзесьці згубілі», – здзіўляецца аргументам сельсавету ў судзе Пётр Рашкоўскі.

Працаўнікі Агенцтва дзяржрэгістрацыі і зямельнага кадастру не заўважылі ў дакументах інфармацыі пра растэрміноўку. Таму не наклалі ніякіх абмежаванняў на продаж падчас рэгістрацыі. У выніку выканкам патрабаваў вярнуць зямлю яму, а грошы за яе самастойна выбіваць з мінулых уласнікаў.

Пакуль суд стаў на бок добрасумленнага пакупніка. Але пракуратура супраць, і яна можа абскардзіць рашэнне. Пётр не ведае, чаго чакаць. А ягоны сусед паспеў пабудавацца – і рызыкуе застацца яшчэ і без хаты.

«Цягам года я абавязаны прыступіць да будаўніцтва. Гэта значыць, сітуацыя, калі я з аднаго боку павінен пачаць будавацца, а з другога – у любы момант могуць перагледзець гэтае рашэнне», – тлумачыць Пётр рызыку распачынаць будаўніцтва.

На судзе ўсё выглядала так, нібыта дзяржаўныя органы за сваю працу адказнасці не нясуць. Іхных памылак ніхто не заўважае.

Спадарыня Наталля з Верцялішкаў, што каля Горадні, гэтаксама можа згубіць аўтамабіль, які набыла ў жыхара Слоніму.

Новае аўта ў кастрычніку аформілі ды паставілі на ўлік у ДАІ без праблемаў. А ў студзені атрымалі ліст пра тое, што на аўтамабіль накладзены арышт яшчэ ў траўні і Наталля не можа ім карыстацца, а мусіць пакінуць на штрафной стаянцы.

Дасюль інспектары неаднаразова правяралі ў Наталлі дакументы падчас паездак, і ўсё было чыста. Сітуацыя выглядае сфабрыкаванай. Калі б жанчына даведалася аб арышце да пастаноўкі аўтамабіля на ўлік, – угоду б адмянілі.

«Цяпер, як аказалася, у гэтага чалавека няма ніякай маёмасці, няма нічога. Можна меркаваць, што яны прытрымалі гэтую справу, каб даўжнік перапісаў усю сваю маёмасць», – не ведае што ўжо і думаць на гэты конт жанчына.

Наталля не разумее, як звесткі аб арышце маглі згубіцца на дзевяць месяцаў. І як інакш яна магла праверыць чысціню аўтамабіля, калі не праз базу ДАІ? Умомант яна згубіла і аўта, і грошы.

Грамадзянскі кодэкс дазваляе прыцягнуць дзяржаўны орган да матэрыяльнай адказнасці за памылкі яго працаўнікоў. Але ёсць адная абавязковая ўмова – спачатку трэба даказаць, што да грашовых стратаў прывяла менавіта іхная няякасная праца.

«Пачаткова звяртаецца ў вышэйшы орган, і калі ўжо вышэйшы орган не прызнае незаконным або лічыць, што правамерна дадзенае рашэнне, тады ў грамадзяніна ёсць права звяртацца ў суд», – тлумачыць адвакатка Юлія Князь.

Бо, напрыклад, калі адносна вас адмянілі нейкі пратакол або рашэнне, то гэта аўтаматычна не азначае, што чыноўнік вінаваты. Толькі маючы рашэнне суда аб незаконнасці ягоных дзеянняў, можна прасіць і кампенсацыі выдаткаў.

Пакуль прэцэдэнтаў не шмат – судзіцца з дзяржаваю мала ахвотных. Ды і часта, як у Пятра або Наталлі, людзям не да кампенсацыяў. Яны імкнуцца выратаваць тое, што маюць.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Як узяць крэдыт і не трапіць у банкаўскае рабства
  • Вынікі апытання: 2019 будзе ўдалым і для краіны, і для беларусаў
  • Беларускія мужчыны не супраць, каб імі кіравалі жанчыны

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».