Беларускую мову будзе абараняць дзяржаўны камітэт?


Беларуская мова не памірае, але без падтрымання не выжыве? Намеснік старшыні Таварыства беларускае мовы імя Францыска Скарыны Дзяніс Тушынскі ў эфіры праграмы «Размова дня» распавёў вядоўцу Усеваладу Сцебураку пра рыхтаванне ўнікальнага праекту – Закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», які мусіць змяніць моўную сітуацыю ў краіне.

У хуткім часе грамадскасць зможа азнаёміцца з праектам Закону «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы», які распрацавалі эксперты ТБМ. Дакумент рыхтавалі некалькі гадоў і сёння разлічваюць на тое, што ён зможа падштурхнуць дзяржаву да актыўных дзеянняў.

«Некалькі асноўных слупоў гэтага праекту: першае – гэта парытэт беларускай і расейкай моваў, усюды, дзе толькі магчыма, мы прапануем выкарыстоўваць і беларускую, і расейскую мовы. Далей гэта менавіта праграма дзяржаўнага падтрымання, а другая разынка – арганізацыйнае забеспячэнне, і гэта дзяржаўны камітэт беларускай мовы, які мы прапануем зрабіць пры Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», – патлумачыў госць праграмы.

Але ці не запозна з’явілася гэтая ініцыятыва? Вядоўца праграмы «Размова дня» Усевалад Сцебурака засяродзіў увагу на тым, ці не ёсць гэтыя спробы «ляпаннем па труне» беларускае мовы?

«Ні ў якім разе смерці беларускае мовы мы не канстатуем. У хуткім часе праект з’явіцца ў шырокім доступе. Мы б вельмі хацелі, каб да абмеркавання далучаліся шырокія колы грамадства. Асабліва мы б хацелі, каб законапраект абмяркоўвалі людзі, якія ёсць праціўнікамі шырокага распаўсюду беларускае мовы. Нам цікавая іхная крытыка. Мы ўлічваем усе меркаванні. Мы закранулі інтарэсы ўсіх, каб усім было камфортна жыць у Беларусі», – выказаўся спадар Тушынскі.

Якім чынам стваральнікі законапраекту збіраюцца прасоўваць свае ідэі і што будуць лічыць перамогаю – глядзіце ў праграме «Размова дня» з Усеваладам Сцебуракам ды намеснікам старшыні ТБМ Дзянісам Тушынскім.