Беларускія школьнікі гуляюць у АМАП


Пасля выбараў настаўнікі, падазраваныя ў масавых фальсіфікацыях, сутыкнуліся з беспрэцэдэнтавым ціскам з боку як бацькоў, гэтак і вучняў. Адміністрацыя некаторых школаў рэагавала на гэта ціскам у адказ – уласнымі сіламі і пры дапамозе міліцыі. А як гэтыя падзеі ўплываюць на жыццё школы цяпер? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».

У Менску на прафесійныя акцыі пратэсту выходзілі некалькі сотняў педагогаў. У тэлеграм-чаце «Сумленныя настаўнікі» цяпер зарэгістраваныя 2300 чалавек, агулам у Беларусі працуюць 110 тысяч настаўнікаў. А да некаторых вучняў у менскіх школах пачала прыязджаць міліцыя і праводзіць прафілактычныя гутаркі. Некалькі хлопцаў сталіся фігурантамі крымінальных справаў за сутычкі з міліцыяй падчас пратэстаў.

Святлана Кобец прапрацавала ў 185-й школе выхавальніцаю групы падоўжанага дня 8 гадоў і гэтак згадвае паводзіны першакласнікаў пасля жнівеньскіх падзеяў:

«Дзеці гулялі ў амапаўцаў, якія былі як фашысты ў вайне. Былі проста ўдзельнікі гульні, яны ніяк сябе не пазначалі. Але былі і тыя дзеці, якія ўзялі ролю амапаўцаў. І яны, вядома ж, лавілі і спрабавалі біць дзяцей – тое, што яны бачылі на вуліцах, у тое яны і гулялі».

Педагога Святлану Кобец звольнілі са школы паводле артыкулу. Як яна лічыць, ціск адміністрацыя школы распачала пасля таго як на працу яна прыйшла ў вышыванцы. Адстойваць свае правы давялося праз суд.

«Я ўдзячная платформе ProBono.by, што ўвесь час мяне падтрымлівала ў гэтай сітуацыі. Я звярталася да адмыслоўцаў, да юрыстаў, псіхолагаў. Таксама велізарная падзяка бацькам дзяцей, якія мяне падтрымлівалі (…) У выніку 30 снежня адбыўся суд. Пастановаю суда сітуацыя развязалася мірным чынам: мне будзе выплачаная матэрыяльная кампенсацыя і будзе выдадзены дублікат працоўнае кніжкі без запісу артыкулу».

Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:

  • ці цяжка звольненаму настаўніку знайсці працу – сваім досведам дзеліцца грамадская дзяячка Ганна Севярынец;
  • якія новыя патрабаванні выстаўляюць настаўнікам і навучэнцам улады;
  • што з сябе ўяўляе сярэдняя адукацыя ў Беларусі і наколькі яна канкурэнтаздольная ў міжнародным кантэксце.

Belsat.eu