Беларуска стварае сольны музычны праект ў Лос-Анджэлесе


У пошуках «амерыканскай мары» чацвёра сяброў дзяцінства з гораду Бяроза (Берасцейская вобласць) пераехалі ў Каліфорнію і ў 2011-м стварылі поп-рок-гурт «Kiwi Time».

Заключылі кантракт з вядомым гуказапісвальным лэйблам, атрымалі спонсарства, а над іхнымі альбомамі працавалі найлепшыя прадзюсары Заходняга ўзбярэжжа. У выніку гурт стаў уладальнікам шэрагу прэміяў у музычнай індустрыі ЗША і фіналістам мясцовых фестываляў.

Пасля гучнага поспеху музыкі паставілі «Kiwi Time» на паўзу, аднак вакалістка Ганна Макоўчык вырашыла не кідаць музыкі ды працягваць сола. Цяпер яна працуе над уласным праектам «Энола Маі» ў Лос-Анджэлесе. Рэпартаж Наталлі Чухно.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Беларуска-шатландска-французскі рок-гурт у калысцы брытанскага року

Пабываць у Лондане і не пачуць року, гэта як быць у Рыме і не бачыць Папы. У сталіцы Англіі дзее мультынацыянальны, беларуска-французска-шатландзкi рок-гурт «Sasha Ilyukevich & The Highly Skilled Migrants».

Хоць лідар калектыву Саша жыве ў Вялікай Брытаніі ўжо васямнаццаць гадоў, змест ягоных песень часта закранае родную Беларусь. На рэпетыцыю групы ў кліматычную частку Лондану Іст Гэм падаўся наш рэпарцёр Рафал Андрасюк.

Польскія нацыяналісты прайшлі вуліцамі Гайнаўкі – гораду, у якім большасць жыхароў – беларусы

У Гайнаўцы ў Падляскага ваяводства Польшчы адбыўся Марш памяці «выклятых жаўнераў», якія пасля Другой сусветнай вайны змагаліся супраць камуністычнага ладу.

Каля 150-ці ўдзельнікаў маршу – чальцы польскіх нацыяналістычных арганізацыяў. Прычым у Гайнаўцы ўсхвалялі перш за ўсё капітана Рамуальда Райса (псеўданім Буры), адказнага за пацыфікацыю беларускіх вёсак на Беласточчыне ў пасляваенныя гады і смерць 80 цывільных жыхароў. Значную частку Гайнаўкі складаюць праваслаўныя беларусы, якія лічаць, што марш накіраваны на тое, каб падзяліць мірную супольнасць гораду.