Беларускі магнат у Расейскай імперыі, які змяніў Менск


У 1890 годзе гарадскім галавою Менску стаў 30-гадовы поўны сіл і энергіі граф Караль Ян Чапскі. Ён заўзята прыняўся мадэрнізаваць горад: з’явіўся грамадскі транспарт, электрастанцыя, тэлефон, тэатр, які пазней стане Купалаўскім, новыя шпіталі, прытулкі і г.д. Але сёння магіла гэтага чалавека ў маёнтку ў Станькава занядбаная. Чаму так сталася – высветлім на месцы.

Караль Ян Чапскі вядомы не толькі як галава Менску, але і як заснавальнік бровару «Багемія» – сённяшняй «Аліварыі».

Імпэт, з якім Караль Ян узяўся за добраўпарадкаванне Менску, тлумачыцца ягонаю любоўю да Радзімы, не на словах, а на справе. І ў гэтым граф не быў самотны.

Чапскія былі не толькі заможныя, але і патрыятычныя. Напрыклад, малодшы брат Караля Яна, Юрый, краёвец, падчас перапісу насельніцтва 1917 года дэклараваў сваю беларускую нацыянальнасць.

Жонка Караля Яна, Марыя Леанціна Пуслоўская, паходзіла з казачна багатага роду Пуслоўскіх. Гэты род таксама выявіў увагу да Радзімы і клапаціўся пра яе гістарычную памяць. Граф Вандалін Пуслоўскі, захаваў для нашчадкаў сядзібу Тадэвуша Касцюшкі. Дарэчы, бацька Вандаліна, Войцех, таксама актыўна карыстаўся тэхнічнымі навінкамі на сваіх прадпрыемствах.

Але для Савецкага Саюзу графы Чапскія былі ў першую чаргу класавымі ворагамі, таму іх зацьміў іншы герой. Гаворка ідзе пра партызана Марата Казея, гісторыю якога ведаў кожны савецкі школьнік.

Таму станькаўскія школьнікі сёння бачаць у сваім двары акуратную прысаду савецкіх герояў, а побач – закінутыя руіны капліцы-пахавальні Чапскіх.

Адкуль паходзіць род Гутэн-Чапскіх? У чым праявілася любоў да Радзімы прадстаўнікоў гэтага роду? Што засталося ад графскай сядзібы? Ці можна вярнуць колішні бляск маёнтку аднаго з найбольш паспяховых кіраўнікоў Менску?

Аўтар і вядучы праграмы – доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Калаж з фота: Bestalex / commons.wikimedia.org