Беларуская медыцына раўняецца на Захад


Узровень медыцыны яшчэ не вызначае здароўе нацыі, гэты фактар знаходзіцца на чацвёртым або пятым месцы па ўплыве на здароўе грамадзянаў. Важнейшымі аказваюцца эканоміка, экалогія, звычкі, традыцыі, харчаванне і г. д. Таму кепская не медыцына, а пералічаныя вышэй складнікі.

Ужыванне алкаголю павялічылася – а гэта ўплывае на здароўе моцна. У сваёй практыцы я назіраю шмат хваробаў, звязаных з ужываннем спіртных і тытунёвых вырабаў, з наступствам Чарнобылю.

$ 200, якія сістэма аховы здароўя вылучае на кожнага беларуса, – лічба, якая не ўражвае, але тут трэба глядзець, на што яны пойдуць і наколькі эфектыўна будуць выкарыстаныя. Можна сказаць, што гэткія невялікія грошы дазваляюць толькі падтрымліваюць нашую медыцыну на плыву.

Беларуская сістэма аховы здароўя раўняецца на заходнія прыклады, дзе ложкаў у шпіталях, а таксама саміх лекараў значна менш – проста яны выкарыстоўваюцца больш эфектыўна. Гэта рацыянальна, бо колькасць ложкаў у нас перавышае патрэбу, калі глядзець на гэта з пункту гледжання заходніх стандартаў.

На Захадзе чалавек ляжыць у шпіталі, толькі калі яму немагчыма дапамагчы або даследаваць яго амбулаторна. Там не ляжаць і не адпачываюць з адной кропельніцай за суткі, як гэта бывае ў нас.

Тут ёсць псіхалагічны момант: нашыя пацыенты пакуль не прызвычаіліся да думкі, што ляжаць у стацыянары па два-тры тыдні можна было толькі ў савецкія часы. На сёння гэта хірургія аднаго дня. Гэта аптымізацыя.