Беларуска, якую ніхто не здолеў абкрасці, раскрывае сакрэт


«Вітаем у Мілане!» – так ветліва кажуць у гэтым горадзе, калі даведваюцца, што адбыўся крадзеж.

Пасля таго, як у рэпарцёркі «Беларускага свету» Кацярыны Маркавец скралі там камеру, яна вырашыла зняць сюжэт пра тое, як не стацца ахвяраю злодзеяў. Каго і чаго варта баяцца ў сталіцы моднага шопінгу і дзе захоўваць самыя важныя рэчы – распавядзе беларуска Юлія, якую дасюль у Мілане яшчэ ніхто не здолеў абкрасці.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

Антон Варабей – прафесійны роварны гоншчык з Таронта

Прыехаўшы ў Канаду, Антон Варабей свой першы ровар знайшоў у прыдарожным рове.

Адрамантаваў яго і пачаў ездзіць па Таронта. Гэтак пачаўся ягоны шлях да спартовай кар’еры. Цяпер у Антона тытул універсітэцкага чэмпіёна штату Антар’ё, а таксама ўдзелы і поспехі ў прафесійных гонках на дарогах Канады ды іншых краінаў. Пра беларуса, які ніколі не здаваўся і ўсяго дасягнуў цяжкой працай, у рэпартажы Рафала Андрасюка.

Мікола Здрайкоўскі – беларускамоўны вучань з Беластоку

Для яго два дні выходных гэта неверагодная колькасць часу, якую можна выкарыстаць для асабістага росту.

Мікола Здрайкоўскі – вучань сёмага класу з Беластоку, які ў сваім узросце думае пра далёкую будучыню. Адпачывае ў час дадатковых танцавальных і тэатральных заняткаў, а дзеля павышэння ведаў і рэалізацыі мары пра дарослае жыццё памяняў школу. «Тут больш навукі, але і больш задавальнення», – кажа Мікола. Рэпартаж Радэка Дамброўскага.