Беларус, што атрымаў узнагароду «ScriptEast»: «Грошы шукаць будзе прасцей»


Беларусы атрымалі адмысловую ўзнагароду ў Канах на прэстыжным конкурсе «ScriptEast» для сцэнарыстаў з Цэнтральнай ды Усходняй Еўропы.

Сцэнар для фільму «Саламонава гара» напісалі Мікалай Лаўранюк ды Сяргей Каласоўскі паводле п’есы Ірыны Пісьменнай «Падобны да Стынга». Гісторыя разгортваецца на фоне беларускага Палесся.

«Сцэнар гэты апавядае гісторыю, што адбываецца ў 1996 годзе. Беглы з турмы хлопец трапляе на тэрыторыю Чарнобыльскай зоны і там знаёміцца з бабуляй. Нашыя героі спрабуюць пераадолець страх, каб навучыцца даверу», – адзначае рэжысёр і сцэнарыст Сяргей Каласоўскі.

Галоўную – грашовую – узнагароду ў конкурсе атрымаў паляк Куба Чэкай. А для Мікалая Лаўранюка ды Сяргея Каласоўска ўзнагарода «ScriptEast» азначае перш за ўсё прызнанне.

«Гэта прэстыж перш за ўсё. Нам прасцей будзе шукаць грошы на гэты праект, бо мы яго плануем рэалізоўваць», – кажа Сяргей Каласоўскі.

Конкурс «ScriptEast» імя польскага рэжысёра Кшыштафа Кесьлёўскага праходзіць у Канах адначасова з Канскім кінафестывалем – дзякуючы гэтаму арганізатары могуць запрасіць прадзюсараў з усяго свету.

Марына Вашкевіч