«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе». Што выратуе эканоміку?


Да выбараў і ўжо месяц пасля іх фінансавы рынак штарміць, курсы валютаў скачуць, беларускі рубель абясцэньваецца. І адсоткі па дэпазітах гэтых стратаў не кампенсуюць. Эканамісты прагназуюць: эканамічная сітуацыя ў краіне будзе толькі пагаршацца. А краіна паступова можа ператварыцца ў другое закінутае Прыднястроўе.

Як мінімум 8 банкаў прыпынілі крэдыты, іншыя даюць на кароткія тэрміны. І ў той жа час прыцягваюць беларускія рублі на дэпазіты пад 20 % гадавых. Грошы патрэбныя, каб выдаваць крэдыты тым жа прадпрыемствам.

«У банкаў няма вялікага калідора для манеўраў, бо закрыты міжбанкавы рынак крэдытавання. Таму ўсе свае пытанні з ліквіднасцю банкі закрываюць за кошт укладаў», – тлумачыць такія крокі Юлія Лакаткова, незалежны фінансавы аналітык.

Укладацца цяпер рызыкоўна праз магчымую інфляцыю, але падставаў хвалявацца, што банкі грошай не вернуць, няма. Нашмат горш, калі яны раптоўна прыпыняць прымаць грошы ўкладальнікаў. Вось гэта ўжо можа быць паказнікам няўстойлівасці банкаўскай сістэмы.

«Што можна купляць, калі не аблігацыі Мінфіна, не ўклады? Цяпер апошні год актыўна расце золата. Пік дасягаўся ў жніўні: больш за 2000 долараў каштавала унцыя», – раіць аналітык.

Давайце разбірацца
На парозе валютнага крызісу. Эканоміка з Чалым
2020.09.10 20:11

«Дэвальвацыі не будзе»: чым часцей гучаць такія заявы, тым менш ім веры. Стан беларускай эканомікі не найлепшы, і эканамісты прагназуюць дэвальвацыю. Але друкарскі станок уключаць на поўную магутнасць будуць наўрад.

«Я думаю, яго будуць уключаць паступова, у парадку неабходнасці. Калі трэба будзе… Вось сёння трэба падтрымаць бюджэтнікаў, заўтра – даць крэдыт МАЗу ці МТЗ, яшчэ каму-небудзь», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Экспарт і валавы ўнутраны прадукт падае, Расея датацыяў не дае, даўгоў не даруе. Палітычны крызіс прывёў і да эканамічнай няпэўнасці: замежныя партнёры турбуюцца за свае грошы ды пачынаюць адгружаць тавары толькі пасля перадаплаты. Уратаваць эканоміку можа сыход Лукашэнкі.

«Як толькі ён сыдзе, гэта пачне адразу спрыяльна адбівацца на эканоміцы. Першы ж фактар, які пачне дзеяць на наступны ж дзень, – гэта фактар ​​стабілізацыі», – прагназуе эксперт.

Асабісты капітал
Колькі плацяць беларусы за міліцэйскі гвалт?

2020.09.07 19:10

Лукашэнка ўжо паабяцаў разабрацца з бізнесам і айцішнікамі, калі ўсё скончыцца. Бізнес адрэагаваў эміграцыяй. IT-кампаніі ўжо пачалі рэлакацыю за межы Беларусі, бізнесоўцы рэгіструюць кампаніі ў суседніх краінах.

«Беларусь паступова ператворыцца ў Прыднястроўе. Гэта будзе масавы сыход спецыялістаў з Беларусі, гэта будзе масавы сыход айцішнікаў. Любы слесар ці сантэхнік выдатна знойдзе сабе працу ў Польшчы ці Літве», – мяркуе Леў Марголін.

З гаранта стабільнасці Лукашэнка ператварыўся ў гаранта нестабільнасці і заняпаду. І пакуль ён пры ўладзе, варта рыхтавацца да беспрацоўя, інфляцыі ды падзення ўзроўню жыцця.

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

  • Вучыць дзяцей, абмінаючы фальсіфікатараў, ці магчыма такое ў Беларусі?
  • Чаму беларусы здаюць валюты менш, чым купляюць?
  • Як Лукашэнка купляе сабе «падтрымку»