Беларусь на трэцім месцы па колькасці новых выпадкаў захворвання ВІЧ


Беларусь патрапіла на трэці радок па колькасці новых выпадкаў захворвання ВІЧ (вірусам імунадэфіцыту чалавека). Вышэйшыя тэмпы захворвання толькі ва Украіне і Расеі. Там тэмпы захворвання амаль утрая вышэйшыя, чым у Беларусі, і ўдвая вышэйшыя, чым ва Украіне.

На сувязі з намі з Менску Яўгеній Спевак, які кансультуе нарказалежных і ВІЧ-пазітыўных асобаў у Цэнтрах сацыяльнага суправаджэння. Спадар Яўгеній, Вы маеце нейкі адказ на тое, чаму менавіта наш рэгіён – Расея, Украіна і Беларусь – апынуўся ў гэтых сумных лідарах сярод 50 Еўрапейскіх краінаў?

«Дзяржава выбрала дастаткова правільны шлях да таго, каб спыніць эпідэмію. Ёсць палітычная воля, каб рэалізоўваць прафілактычныя праграмы сярод уразлівых групаў і насельніцтва ўвогуле. Гэта павінна спрацаваць, але гэта не нейкае аднаразовае дзеянне, такое, што сёння пачалі рабіць, а заўтра інфекцыя спынілася. Праца з людзі – адна з самых складаных, і каб змяніць нейкае мысленне, каб людзі прызвычаіліся, патрэбен час. У кожным разе сёння стаўленне людзей да ВІЧ іншае, не такое, як было 10, 20 гадоў назад. Я сам жыву з дыягназам 22 гады, і тое, як ставіліся да мяне ў тыя гады, і тое, як ставяцца сёння – гэта розныя рэчы…»

Зміцер Кароль, каардынатар сеткі «Y-PEER» у Беларусі, тлумачыць:

«Параўноўваць з заходнімі краінамі не зусім правільна, больш карэктна параўноўваць з Усходняй Еўропай і Цэнтральнай Азіяй, бо ў гэтым рэгіёне ВІЧ распаўсюджваўся спецыфічна – з уразлівых групаў ВІЧ выйшаў, і ёсць ва ўсіх групах насельніцтва, а не толькі ва ўразлівых».