ПраСвет БелАЭС як шчыт Лукашэнкі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Як на амерыканскія танкі ў Літве, на памежжы з Беларуссю, рэагуе не Лукашэнка, а беларусы ды літоўцы, якія там жывуць? Таксама гісторыя беларуса, які вярнуўся з Сірыйскага Курдыстану. Пра гэта ў «ПраСвеце». Больш пра тэмы праграмы:

Лукашэнка пагражае, Вільня і Масква маўчаць, а беларусы з літоўцамі каментуюць

Аляксандру Лукашэнку не дае спакою прысутнасць амерыканцаў у Літве. На гэтым тыдні кіраўнік Беларусі зрабіў папярэджанне, што вайсковыя вучэнні могуць уяўляць небяспеку для АЭС у Астраўцы, што за 50 кіламетраў ад палігону ў Пабрадзе. Пра тое, як АЭС сталася не толькі гаспадарчым, але палітычным і вайсковым інструментам Беларусі. Рэпартаж Дзяніса Дзюбы.

Раніцаю крэслы, увечары – грошы, кажуць у Крамлі: інтэграцыя буксуе, а Беларусь шукае нерасейскую нафту

У Крамлі заявілі, што не хочуць нават абмяркоўваць кампенсацыі для Беларусі за свой гэтак званы падатковы манеўр… Пакуль не будзе вырашаная інтэграцыя. Нібыта ў адказ у аўторак Менск вуснамі прадстаўніка «Белнафтахіму» кажа пра магчымасць атрымання чорнага золата і іншымі – альтэрнатыўнымі – шляхамі. Найпрасцей – з Казахстану, нават дамова ёсць. Няма толькі… дазволу з Масквы. Падрабязней – Усевалад Шлыкаў.

Тыгран Хзмальян: Арменія ў сваёй краіне – прыжывалка

Праект СССР 2 пачаўся ў Ерэване 20 год назад расстрэлам армянскага парламенту. Тады тэрарысты забілі васьмярых асобаў, у тым ліку кіраўніка ўраду Арменіі. 30 асобаў былі параненыя. Тэрарысты здаліся пасля перамоваў з прэзідэнтам Робэртам Качар’янам і частка з іх да сёння сядзіць у турме. Ці акрамя выканаўцаў былі тыя, хто замовіў смерць? Як крывавая атака на дэмакратыю ў Ерэване звязаная з падзеямі ў Беларусі і прыходам да ўлады Уладзіміра Пуціна? Пра гэта – у інтэрв’ю з Тыгранам Хзмальянам, старшынём Еўрапейскай партыі Арменіі.

Аль-Багдадзі выкінулі ў мора, але з ягонай смерцю не ўсё ясна

Лідар «Ісламскай дзяржавы» – тэрарыст нумар адзін – страціў жыццё падчас аперацыі амерыканскіх войскаў. Згоды наконт дэталяў аперацыі няма нават паміж амерыканскім прэзідэнтам і ягонымі ўласнымі генераламі. Ігар Кулей працягне тэму.

Сяргей Марчык: «Мы ўбачылі канец Сірыйскага Курдыстану»

Беларус, які толькі што вярнуўся са здымкаў дакументальнага фільму ў Сірыйскім Курдыстане ў студыі «Прасвету». Сяргей Пеляса распытвае свайго калегу Сяргея Марчыка, беларускага ваеннага рэпарцёра, пра тое чым адрозніваецца вайна на Данбасе і ў Сірыйскім Курдыстане. Два беларусы раней працавалі разам і знялі вялікія замежныя рэпартажы «Рэвалюцыя он-лайн» і «Арменія – рэвалюцыя гэта не страшна!»

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце штотыдзень у пятніцу а 21:20. Заходзьце на Facebook праграмы! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

 

Глядзі таксама
Каментары