«Бацькі звальняюцца, каб давезці дзіця ў школу». Жыхары Дроздава выйшлі на вуліцу, каб іх пачулі ўлады

Пасёлак Дроздава Менскага раёну. Некалькі гадоў жыхары Дроздава дамагаюцца элементарных выгодаў для паселішча: добрых дарог, грамадскага транспарту, медычнага абслугоўвання ды аб’ектаў сацыяльнага абслугоўвання.

Ліставанні і прыёмы ў высокіх кабінетах не прыносяць плёну. Каб быць пачутымі, жыхары Дроздава прыйшлі сказаць пра набалелае ў эфіры «Белсату».

«Мы знаходзімся ў Дроздава, гэта пасёлак літаральна ў 3 кіламетрах ад Менску, гэта ўжо Менскі раён. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што тут сацыяльных і іншых праблемаў можа больш, чым у іншых аддаленых рэгіёнах Беларусі», – пачынае журналістка «Белсату» Галіна Абакунчык.

Галіна Абакунчык просіць абураных жыхароў пасёлку, што выйшлі на вуліцу, распавесці пра тыя праблемы, якія іх хвалююць найперш:

«Наркотыкі, закладкі – навошта гэта тут?»

«Пешаходных дарог увогуле няма!»

«Бацькі звальняюцца, каб давезці дзіця ў школу!»

Жыхарка Дроздава распавядае, што галоўная праблема пасёлку – дарогі. Перакрыжаванне зробленае з такім сур’ёзным парушэннем нормаў, што ўтварыліся непераадольныя коркі, і гэта ўлічваючы той факт, што Дроздава не зʼяўляецца горадам.

«Маршруткі вымушаныя парушаць правілы, гэта значыць, падвяргаць рызыку сваіх пасажыраў. Адзначу, што гэтае перакрыжаванне – у непасрэднай блізкасці да Курапатаў. Дык вось плот вакол Курапатаў зрабілі за 2-3 дні, а святлафор паставіць на гэтым перакрыжаванні – мы ўжо бʼемся які год!» – каментуе жыхар пасёлку.

Мясцовыя сабралі 500 подпісаў, каб улады запусцілі грамадскі транспарт, але людзей проста ігнаруюць, высылаючы «адпіскі»:

«Былі сходы ў нас не адзін год. І кожны раз нам абяцаюць, што ўсё адбудзецца, даюць клятвенныя абяцанні, абіраюцца – і ўсё. На гэтым заканчваецца».

«Мы хочам, каб у нас быў грамадскі транспарт! Гэта проста немагчыма, што пенсіянер не можа дабрацца да больніцы!» – абураныя жыхары Дроздава.

Яшчэ адная праблема пасёлку – поўная адсутнасць сацыяльнай інфраструктуры.

«Ёсць сацыяльны стандарт: гэта школа, паліклініка і дзіцячы садок. Сацыяльны стандарт ёсць, а сацыяльных стандартаў у Дроздава – няма», – тлумачыць жыхарка пасёлку.

Яшчэ адная мясцовая жыхарка кажа, што жыве ў Дроздаве ўжо 20 гадоў, і за два дзесяцігоддзі гэтыя праблемы ўлады так і не вырашылі. У пасёлку няма лекараў, няма супрацьпажаравага водазабеспячэння. Улады пра гэта ведаюць, людзі неаднойчы пісалі лісты, на што атрымлівалі практычна аднолькавыя, як пад капірку, адказы. Жыхары гатовыя вырашаць шматлікія з праблемаў нават за ўласныя грошы, але кажуць, што без афіцыйнага дазволу гэта немагчыма.

ВЯ belsat.eu

Абураны народ выйшаў уначы

Больш матэрыялаў

У Гомелі мясцовыя жыхары пратэставалі супраць вырубкі яблыневага саду

Жыхары Светлагорску: Адбыўся акт экалагічнага тэрарызму

Абураны народ выйшаў уначы