Гарачы каментар Авіяканструктар распавёў, чаму ў «Шарамецьева» загінула столькі людзей


Трагедыя на маскоўскім лётнішчы «Шарамецьева», дзе пасля пасадкі рэйсу Масква-Мурманск выбухнуў пажар, які забраў жыцці 41 асобы. У Мурманскай вобласці абвешчаная трохдзённая жалоба.

У Маскве, у аэрапорце «Шарамецьева», знаходзіцца нашая карэспандэнтка Кацярына Ліннікава.

«Аэрафлот», які выконваў гэты рэйс, апублікаваў вельмі дзіўны спіс. Не спіс загінулых, як зазвычай гэта робяць авіякампаніі ў выпадку катастроф, а спіс тых, хто выжыў. Нават я асабіста спачатку ўспрыняла яго як спіс загінулых, пачала чытаць гэтыя прозвішчы. І тут можна толькі здагадвацца, як сябе адчувалі кроўныя гэтых людзей. Цяпер афіцыйна ўжо прызналі, што 41 чалавек загінуў, 33 уратавалася, 6 з іх знаходзіцца ў шпіталі, 5 у складаным стане…»

Тое, што адбывалася ўнутры самалёту падчас пажару, цяжка сабе ўявіць. У інтэрв’ю расейскаму выданню Сноб пасажырка трагічнага рэйсу Марына Сітнікава апісвае тыя жахлівыя падзеі:

«Я сядзела ў дзясятым шэрагу. Мы заходзілі на пасадку, і далей усё адбылося адразу, імгненна: адзін вельмі моцны ўдар – у мяне ледзь вочы з арбітаў не вылезлі, другі – крыху цішэйшы, трэці… А потым дым – і адразу пачало гарэць. Выратаваліся тыя, хто сядзеў у дзясятым, былі шчасліўчыкі з дванаццатага, а далей – нікога. Я ўсіх пыталася, але з хваста мы нікога не бачылі ў ліку выратаваных: у іх выйсця не было».

Яшчэ адным сведкам трагедыі стаўся мэр расейскага гораду Севераморск Уладзімір Яўменькоў, які таксама ляцеў гэтым рэйсам з Масквы ў Мурманск. Уражаннямі ён дзеліцца з мясцовай радыёстанцыяй «Север ФМ»:

«Дзверы з левага боку заклінавала ад удару, і бортправадніца ніяк не магла іх адчыніць. Я спыніўся побач якраз у той момант, калі яна справілася. Дзверы адчыніліся, трап раскаціўся – і пасажыры сталі спускацца на зямлю і праз левыя дзверы. Аварыйнага выхаду ў сярэдзіне самалёта ў «Суперджэце» няма».

Тым часам у Расеі абмяркоўваюць не толькі характарыстыкі самалёту «Суперджэт», дасведчанасць пілотаў ды маланку, якая магла прывесці да тэхнічных праблемаў, але і кажуць пра праблемы значна вышэйшага ўзроўню. Гэтак пілот і адмысловец у сферы бяспекі палётаў Аляксандр Раманаў у інтэрвʼю тэлебачанню «Настоящее время» падводзіць рысу:

«Грамадзянская авіяцыя – гэта асаблівы від, асаблівая спецыфіка палётаў. Таму патрэбнае Міністэрства грамадзянскае авіяцыі, як шмат у якіх краінах свету. У нас жа вельмі шмат структураў, якія нібыта кіруюць грамадзянскай авіяцыяй, але насамрэч ні адна з іх не нясе адказнасці за катастрофы. Што б ні адбылося, ніхто не быў пакараны або адхілены. Поўная бескантрольнасць».

Некалькім пасажырам трагічнага рэйсу ўдалося зняць на тэлефон першыя секунды пасля прызямлення і пачатак таго пажару, які прывёў да ахвяраў. Адное з гэтых відэа вашай увазе.

З намі на сувязі Вольга Кірушкіна, якая ў момант катастрофы «Суперджэту» вылятала іншым рэйсам з Масквы ў Менскі і бачыла, што адбывалася падчас катастрофы ў «Шарамецьева».

Расея не бачыць ніякіх прычынаў, каб часова, да высвятлення прычынаў катастрофы, спыніць палёты ўсіх Sukhoi Superjet расейскае вытворчасці. Пра гэта заявіў міністр транспарту Расеі Яўгеній Дзітрых.

Мы звязаліся з Вадзімам Лукашэвічам, кандыдатам тэхнічных навук, авіяканструктарам, авіяэкспертам, былым супрацоўнікам расейскай фірмы «Сухой», якая займаецца вытворчасцю мадэлі самалёту «Суперджэт». Ён пракаментаваў для «Белсату» нешматлікія факты адносна катастрофы, якія зʼяўляюцца зараз у інфармацыйнай прасторы:

«Тут Аэрафлот ужо адрапартаваў, што за 55 секундаў яны правялі эвакуацыю з салона. Гэта брэдні сівой кабылы! Таму што нарматыў 90 секундаў – гэта на ўвесь салон, на ўсіх пасажыраў! А калі ў цябе больш за палова пасажыраў згарэла зажыва – пра што ты кажаш? Ты мог першых трох чалавек выкінуць за борт і адрапартаваць, што ты ў 20 разоў пераплюнуў нарматыў! У цябе на борце было 78 чалавек было? Вось ты 78 за 90 секундаў павінен быў эвакуяваць. Тыя людзі, якія выратаваліся, – гэта заслуга гэтых трох бортправаднікоў, адзін з якіх не выжыў».

Следства па справе катастрофы «Суперджэту» рэйсам Масква – Мурманск будзе доўжыцца не адзін тыдзень, а нават не адзін месяц. Фінальныя вынікі расследавання мы, магчыма, пачуем толькі праз год.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фота: The Russian Investigative Committee / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары