Аўтаўладальнікі пратэстуюць супраць пабораў




У Беларусі распрацоўваецца новая схема аплаты дарожнага мыта паводле прынцыпу «колькі ездзіш – столькі плаціш». Кошт дзяржаўнага збору застанецца ранейшы, але пры выплаце яго адразу за год будзе паніжальны каэфіцыент – прыблізна 80%. За нявыплату парушальнікам прапаноўваюць выстаўляць збор у двухразовым памеры. Пры гэтым чыноўнікі прапаноўваюць дазволіць фіксаваць парушэнне на фотарадары, якія сёння пільнуюць толькі парушэнні хуткаснага рэжыму. З канчатковым парадкам выплаты чыноўнікі вызначацца да 1 лютага наступнага года.

«Тэхагляду я не праходжу, бо шалёныя падаткі на дарогі», – распавядае аўтаўласнік Сяргей.

Чатыры гады таму ў Беларусі кіроўцаў забавязалі плаціць дзяржаўнае мыта за допуск аўтамабіля да ўдзелу ў дарожным руху. Аплату падатку прывязалі да тэхнічнага агляду: яго не пройдзеш, пакуль не заплаціш мыта. І прыблізна 55 % аўтаўладальнікаў у Беларусі адмовіліся праходзіць агляд. Сяргей, напрыклад, ездзіць без яго ўжо чатыры гады. Апошнім часам з’явіліся навіны, што падатак плануюць адвязаць ад тэхнічнага агляду. З сярэдзіны 2019-га падатак можна будзе плаціць штомесячна. Але Сяргей і новыя правілы лічыць несправядлівымі, бо аўтамабілем карыстаецца вельмі рэдка.

«За месяц шэсць разоў. За месяц плаціць сэнсу я таксама не бачу. Бо я цэлы месяц аўтамабілем не езджу», – адзначае кіроўца.

Аўтамабіль Сяргея важыць больш за дзве тоны. Транспартавы падатак для такога аўта – 196 рублёў за год. Гэта амаль 800 рублёў за чатыры гады. А за чатыры гады адсутнасці тэхнічнага агляду Сяргей атрымаў усяго шэсць штрафаў – сумарна на 275 рублёў.

«Я мяркую, прасцей заплаціць штраф. Раз за год ці два, нават тры разы няхай. Усё роўна будзе танней, чымся ты заплаціш за тэхагляд і падаткі», – разважае Сяргей.

Чыноўнікі казалі, што сродкі, сабраныя за аплату транспартавага падатку, будуць скіроўваць на ўтрыманне дарог. Дзяржава тлумачыла, што грошы пойдуць на рэканструкцыю старых трасаў і на будаўніцтва новых сучасных магістраляў. Таму плаціць мусяць усе аўтаўладальнікі, каб ездзіць па добрых, своечасова адрамантаваных дарогах без ямінаў і калдобінаў.

«Калі ўвялі дзяржаўнае мыта для ўдзельнікаў дарожнага руху, зменшылася колькасць людзей, якія праходзяць тэхагляд. З той прычыны, што шмат для каго гэта даволі сур’ёзная сума», – каментуе дырэктар станцыі тэхнічнага агляду Максім Якаўлеў.

Тэхнічны агляд існуе, каб упэўніцца, што кіроўцы ездзяць на спраўных аўтамабілях. Пасля ўвядзення дзяржаўнага мыта на СТА «Універсал», што ў Заслаўі, стала прыязджаць удвая менш аўтаўладальнікаў. Праходзяць тэхнічны агляд таксоўцы ды прадстаўнікі юрыдычных фірмаў – людзі, для якіх працэдура ёсць допускам да працы. А таксама кіроўцы старой загартоўкі, якія прызвычаіліся, што ўсё мусіць быць паводле правілаў. На новы падыход да старога падатку надзеі пакуль што няшмат.

У Станіслава – машына, якая важыць менш за паўтары тоны. Ёй няма дзесяці гадоў, а гэта значыць, што мужчына мусіць праходзіць тэхнічны агляд раз на два гады. Тэрмін агляду Стасавага аўтамабіля скончыцца акурат перад новым годам. Лішніх грошай не будзе, таму мужчына сумняваецца, ці трэба яму ехаць на СТА.

«Шмат людзей казала пра тое, каб улучыць гэты падатак у кошт паліва. Ты ездзіш – ты плаціш, не ездзіш – не плаціш. А так плацяць усе. Незразумела, за што. Дарогі лепшымі не сталі за гэтыя чатыры гады», – адзначае кіроўца Станіслаў Максімовіч.

Больш падрабязней пра тое, чаму беларусы не праходзяць тэхнічнага агляду, глядзіце ў сюжэце (відэа вышэй).

Таксама ў праграме «Асабісты капітал»:

Праграма «Асабісты капітал» цалкам:

Глядзіце праграму «Асабісты капітал» кожны панядзелак а 19:00 на тэлеканале «Белсат», а таксама онлайн на нашым сайце.

Далучайцеся да нашых старонак ў Facebook ды Одноклассниках.

Падпісвайцеся на нашу рассылку і раз на месяц вы будзеце атрымліваць ліст з чатырма найбольш карыснымі сюжэтамі «Асабістага капіталу».