Аўтамабільныя войны. Як змагацца з нядобрасумленнымі СТА?




Наталля Атрашонак – старшыня Асіповіцкае асацыяцыі дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам. Год таму яна разам з дзецьмі вярталася з Бабруйску дахаты. На Гомельскай трасе ў ейны аўтамабіль уехала «Мазда».

«Цягам чатырох месяцаў праводзіліся экспертызы машыны, даказалі, што мы невінаватыя. Нам выплацілі страхоўку – 1200 рублёў. Я паехала ў Бабруйск, бо там болей СТА, якасці і гарантыяў, як мне падавалася», – распавядае Наталля Атрашонак.

Свой 18-гадовы «Мерседэс» спадарыня Наталля аддала рамантаваць на бабруйскую СТА «Ратавальнае кола» і зрабіла перадаплату – 1732 рублі. Якасць працаў не задаволіла жанчыну.

«Калі я пабачыла, што не закрываецца капот машыны, у мяне быў шок, – узгадвае спадарыня Наталля. – Я прывозіла на СТА новыя дзверы, якія мусілі паставіць. Усталявалі, а старыя папросту закінулі ў салон аўта, запэцкалі ўвесь салон шпаклёўкаю. Вось такі якасны рамонт яны мне зрабілі па заканчэнні дамовы».

Прадстаўнікі станцыі тэхабслугоўвання не пагадзіліся, што рамонт няякасны, і запатрабавалі аплаціць рэшту сумы – 1360 рублёў. Пакуль ішлі суды, а гэта чатыры месяцы, аўтамабіль заставаўся на станцыі тэхабслугоўвання. Нарэшце Асіповіцкі раённы суд сваё рашэнне вынес на карысць Наталлі Атрашонак.

«Мне пакрываюць страты на 2715 рублёў і вяртаюць аўта зараз жа», – кажа Наталля.

Наталля патэлефанавала цяперашняму дырэктару «Ратавальнага кола» Міхаілу Пятровічу, але ён адмовіўся выканаць пастанову суда і аддаць машыну ўласніцы. Каб забраць сваю ўласнасць, спадарыня Наталля нават выклікала бабруйскую міліцыю. Аднак і гэта не дало вынікаў.

Юрысты сцвярджаюць, што за невыкананне судовага рашэння заканадаўствам прадугледжваецца пакаранне.

«За невыкананне судовага рашэння прадугледжаныя як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць. Артыкул 423 прадугледжвае штрафныя санкцыі, а таксама забарону займаць вызначаныя пасады на вызначаны тэрмін», – тлумачыць Яўген Грачоў.

У такіх сітуацыях варта звярнуцца ў суд з просьбаю выдаць выканаўчы ліст, каб пытаннем займаліся судовыя выканаўцы ў межах заканадаўства аб выканаўчай судовай вытворчасці.

Гэтым разам Наталля Атрашонак вярталася ў Асіповічы без сваёй машыны. Удома яе чакаюць двое ўсыноўленых дзетак і дачка Марта, якой патрэбная шпіталізацыя ў Менск. Аднак без аўтамабіля паездка да лекараў адкладаецца на нявызначаны тэрмін.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Лідчанка не пагаджаецца вярнуць грошы сацыяльным службам
  • У рубрыцы «Ведай свае правы!» размаўляем з адмыслоўцам пра ўтрыманцаў
  • Беларусы – пра падвышэнне тарыфаў для дармаедаў
  • Працяг гісторыі з ліфтам у атолінскім шпіталі

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.