Апёкі, алергія, кроў з носа – вынік суседства з небяспечным заводам




Жыхары Якімавай Слабады, што пад Светлагорскам, ужо год не могуць даведацца, чым дыхаюць.

Побач з іхнаю вёскай запрацаваў Завод беленай цэлюлозы.

«Канечне, зямля не змянілася, не змяніліся і дамы, усё стаіць як ёсць. Але з’явіўся такі пах, што людзям немагчыма дыхаць, іх ванітуе, падвышаецца тэмпература, кроў з носу…», – распавёў нашае здымачнае групе Мікалай Марозаў.

У паселішчы жывуць каля 1000 асобаў. Ад новага заводу іх аддзяляюць толькі цяпліцы гародніннае фабрыкі.

«Улетку я назірала, не ведаю, ад заводу тое было або не, але была такая ружовая павалока. Часам, калі едзем за горад, бачым ружовы дым», – распавядае спадарыня Галіна з Якімавай Слабады.

Заводскі плот стаіць за некалькі метраў ад дарогі, і калі на прадпрыемстве ідзе працэс адбельвання цэлюлозы, ветрам па наваколлі разносіцца падазроная вадкая субстанцыя. Спадарыня Людміла аднойчы сутыкнулася з гэткаю непрыемнасцю:

«Давялося мне з мужам паехаць скутарам у горад. Вярталіся мы дадому, а на заводзе якраз ішло адбельванне цэлюлозы. Вецер дзьмуў наўпрост на дарогу, і нас апырскала, як дажджом, вадкасцю невядомага паходжання. Муж апусціў шкло на шлеме, а я ўткнулася яму ў спіну. Вось так і праскочылі!»

Але, на думку тутэйшых, асноўныя выкіды Заводу беленай цэлюлозы трапляюць у асяроддзе праз ліўневую каналізацыю. Мікалай Марозаў кажа, што стаў гэтаму сведкам:

«Зусім нядаўна ўвечары засяклі выкід на палову трубы. А вы паглядзіце, яна мае амаль метр у дыяметры. І вось чаму яно тут зліваецца – пытанне!»

Спадарыня Людміла дадае пра той выпадак:

«У чалавека, які паспрабаваў узяць ваду на пробу, пачало пячы руку, і яна пачырванела. Яны паехалі ў Якімаву Слабаду хутчэй мыць руку. Вось такія рэчывы выкідаюцца».

Каб прыцягнуць увагу чыноўнікаў да праблемы, у лістападзе актывісты зладзілі ў Светлагорску экалагічную канферэнцыю. На сустрэчу запрасілі з дзясятак прадстаўнікоў мясцовае ўлады ды адказных міністэрстваў. Удзельніца тое сустрэчы праваабаронца Алена Маслюкова са шкадаваннем адзначыла, што ніхто з запрошаных чыноўнікаў не з’явіўся.

«Ніякім чынам не адрэагавалі на нашае запрашэнне, што мяне, шчыра кажучы здзівіла. Бо любы культурны чалавек прынамсі патэлефануе і скажа: «Прабачце, я не прымаю вашага запрашэння!», – кажа Алена Маслюкова.

Прысутны на канферэнцыі юрыст арганізацыі «Экадом» Рыгор Фёдараў параіў жыхарам Якімавай Слабады найперш вызначыцца, чаго яны жадаюць дамагчыся: закрыцця заводу або яго пераходу на больш экалагічную тэхналогію. І таксама правільна камунікаваць з чыноўнікамі.

«…Пісаць запыты, звароты, атрымліваць адказы. Калі яны не будуць задавальняць, тады абскарджваць. Карацей, пераходзіць да тактыкі доказных размоваў», – раіць Рыгор Фёдараў.

Каля Светлагорску ёсць балота Выдрыца, яно – пад аховаю Еўразвязу, а Бярэзіна ўпадае ў Дняпро. Таму гэтымі фактамі можна апеляваць да міжнароднай супольнасці. Аляксей Васілюк з украінскай арганізацыі «Екологія. Право. Людина» лічыць, што праца Заводу беленай цэлюлозы датычаць не толькі беларусаў.

«Тое, што людзі пакутуюць у асобнай краіне, – гэта нутраная праблема гэтай краіны. Але тое, што міжнародныя абавязкі дзвюх краінаў не выконваюцца, гэты пытанне перамоваў на міжнародным роўні», – зазначае Аляксей Васілюк.

Шэсць гадоў таму, калі Завод беленай цэлюлозы толькі планаваўся, жыхары Светлагорску сабралі 10 000 подпісаў супраць яго будоўлі. Але тады гэта не дапамагло. Калі ж цяпер кіраўніцтва прадпрыемства не пачне адкрыта тлумачыць, якія рэчывы і куды выкідаюцца, людзі гатовыя пайсці на рашучыя крокі.

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.