Апошнія штрыхі перад гістарычным жывым эфірам. «Белсат» ужо ў Вільні. ФОТА


У пятніцу 22 лістапада ў Вільні адбудзецца цырымонія перапахавання ўдзельнікаў паўстання 1863 года, у тым ліку нашага нацыянальнага героя – Кастуся Каліноўскага. Усіх, хто не здолее трапіць у літоўскую сталіцу, заахвочваем глядзець наўпроставую трансляцыю ўрачыстасці на нашым тэлеканале.

Фота: Ірына Арахоўская, Вільня, падрыхтоўка да цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага

Пачатак нашага эфіру, які будзе цягнуцца ажно 7 гадзінаў, – а 10 гадзіне раніцы паводле менскага часу. Як нашая каманда рыхтуецца да гістарычнага эфіру? З месца падзеяў, з Вільні, распавядае намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі:

«…Мы рыхтаваліся да гэтага эфіру вельмі доўга – сама менш два месяцы. Таму зараз, калі падыходзіць фінальны акорд, апошні дзень падрыхтоўкі, гэты дзень найбольш цяжкі. Зараз, толькі што, мы скончылі нараду, дзе практычна цалкам закрылі сцэнар. Тут не бачна, за мною Віленская катэдра, але крыху правее знаходзіцца нашая палявая студыя, каторая стаіць гатовая, тут зробленыя рэпетыцыі. Яна цалкам гатовая заўтра а 10-й гадзіне пачаць сваю працу. Атмасфера добрая».

Фота: Ірына Арахоўская, Вільня, падрыхтоўка да цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага

– Сёння праходзіла сустрэча з прэзідэнтамі Польшчы і Літвы. Што абмяркоўвалася на гэтай сустрэчы?

«…Важны момант для нас, гэта тое, што прэзідэнты Польшчы і Літвы гаварылі таксама пра Астравецкую АЭС. Яны яшчэ раз падкрэслілі, што пазіцыя Варшавы і Вільні наконт таго, што іх краіны не будуць купляць энергію з Астравецкае АЭС, застаецца такой самай. І Літва, І Польшча лічаць гэтую станцыю небяспечнай. […]

Фота: Ірына Арахоўская, Вільня, падрыхтоўка да цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага

А што тычыцца самога ўдзелу ў цырымоніі, я запытаўся ў прэзідэнтаў Літвы і Польшчы пра тое, што мы, беларусы, лічым Каліноўскага сваім нацыянальным героем, і ў сувязі з гэтым чаму, на іхную думку, тут няма з імі прэзідэнта Беларусі. І адзін, і другі прэзідэнты адказалі, што яны цешацца, што ўвогуле будзе прадстаўніцтва Беларусі, што на іхную думку герояў не трэба дзяліць, што гэта нашыя супольныя героі. Але і адзін і другі прэзідэнт ухіліліся ад адказу, што яны думаюць пра прысутнасць беларускага прэзідэнта…»

Працяг размовы у сюжэце.

Фота: Ірына Арахоўская, Вільня, падрыхтоўка да цырымоніі перапахавання Кастуся Каліноўскага

Віталь Бабін belsat.eu