Амерыканская салідарнасць у Курапатах


Паведамленне пра беларуска-амерыканскую адлігу супала з 25-мі ўгодкамі вядомага акту амерыканска-беларускай салідарнасці. 11 студзеня 1994-га года ўва ўрочышчы Курапаты пад Менскам усталявалі мемарыяльны знак «Лава Клінтана». Мемарыял з’явіўся напярэдадні адзінага візіту ў незалежную Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. З нагоды 25-годдзя ў Курапатах адбылася ўрачыстая імпрэза, на якой пабывала і Галіна Абакунчык.

«Ад народу Злучаных Штатаў Амерыкі народу Беларусі дзеля памяці» – такі надпіс выраблены на «Лаве Клінтана». Сведчанне памяці не толькі беларускага, але і амерыканскага народу і ўраду ЗША пра злачынствы сталінізму. Урачыстая імпрэза – гэта памяць пра ахвяры і ўдзячнасць за салідарнасць, увасобленую ў амерыканскім помніку. Аляксей Марачкін, мастак, арганізатар усталявання «Лавы Клінтана»:

«Гэта было і важна, і цяжка, як і сёння, – нічога не змянілася. Напады на гэтую лаву шматпакутную – больш за дваццаць разоў. І тады была ўлада Кебіча, з якой змагаўся Шушкевіч і ўсё ж сустракаў Клінтана».

«Лаву Клінтана» вырабілі на замову ўраду ЗША і ўсталявалі напярэдадні візіту Біла Клінтана ў Беларусь. Адкрылі – падчас ягонага наведвання Курапатаў 15-га студзеня 1994 года разам з тагачасным старшынём Вярхоўнага Савету Беларусі Станіславам Шушкевічам і адкрывальнікам Курапатаў Зянонам Пазняком. Каля «Лавы Клінтана» адбываецца мітынг, у якім удзельнічаюць некалькі дзясяткаў чалавек: былыя і цяперашнія абаронцы Курапатаў, а таксама людзі, якія шмат гадоў даглядаюць і ахоўваюць урочышча і саму «Лаву Клінтана». Невядомыя вандалы каля дваццаці разоў разбівалі ды апаганьвалі мемарыяльны знак – размалёўвалі ды скрадалі кавалкі. Літаральна днямі чарговы раз абаронцы напаткалі тут невядомага з кавадлам, якому перашкодзілі ўчыніць вандалізм. Ніводнага разу злачынцаў не знайшлі і не пакаралі.

«Я мяркую, што гэта звычайнае вар’яцтва, і няма розніцы, стаяць за гэтым дзяржаўныя людзі, службовыя асобы ці гэта простыя хуліганы. Гэта праява сістэмнага вар’яцтва. Камусьці замінае, каб людзі сябравалі, каб шанавалі і ведалі сваю гісторыю», – кажа Надзея Батура, абаронца Курапатаў.

Курапаты па-ранейшаму патрабуюць абароны. Ужо некалькі месяцаў стаіць варта ў паўночнай частцы ўрочышча, дзе размешчаная сумнавядомая рэстарацыя на костках.

«Амерыканскі дар, які мы тут ушаноўваем, – духоўнае падтрыманне беларускага народу ў ягонай барацьбе і за нацыянальныя, і за агульначалавечыя каштоўнасці. Сёння такім змаганнем ёсць «Курапацкая варта» – абаронцаў Курапатаў супраць забаўляльнай установы ў ахоўнай зоне Курапатаў», – кажа адна з удзельніц варты Алена Талстая.

«Лава Клінтана» у Курапатах – салідарнасць і памяць амерыканцаў, якой часта не стае ў Беларусі. І гэтае сведчанне памяці і салідарнасці захоўваецца, нягледзячы на перашкоды. Бо ціск і рэпрэсіі не могуць схаваць праўды, якую ўсцяж чамусьці не хочуць ці баяцца агучваць у афіцыйным Менску.

Падзеі каментуе Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасці «Разам»:

«Вага гэтага мемарыяльнага знаку ўзрасла за гэтыя 25 гадоў, таму што гэты візіт прэзідэнта ЗША – гэта было заканчэнне эпохі, якая была да Лукашэнкі. І ёсць сёння нацыянальны некропаль, і важна для ўсёй Беларусі, што ёсць там і памінальная лавачка, якая была ўсталяваная менавіта падчас візіту прэзідэнта ЗША ў Менск у 1994 годзе. Невыпадкова некалькі дзясяткаў разоў вандалы спрабавалі гэтую лавачку знішчыць. Гэта знак таго, што беларусы не самотныя ў гэтым свеце…»

belsat.eu