Студыя «Белсат» Аляксей Бага пракаментаваў паразу БАТЭ ў раўндзе плэй-офф з казахстанскай «Астаной»


Рэпартаж з начнога Нацыянальнага аэрапорту «Менск» планаваўся больш пазітыўным да таго моманту, пакуль барысаўскі БАТЭ, чэмпіён Беларусі па футболе, не саступіў у раўндзе плэй-офф казахстанскай «Астане» з лікам 0:3.

Усе футбалісты адмаўляліся ад каментароў. Прафесійна паставіўся да чатырох беларускіх журналістаў (разам з аператарамі), якія сустракалі каманду ў аэрапорце, толькі галоўны трэнер БАТЭ Аляксей Бага, які не ўвільваў ад інтэрв’ю, не адварочваўся ды не крывіўся:

– Часу не было. Хлопцы былі на допінг-кантролі вельмі доўга, і на чамаданах, скажам, не зусім тая атмасфера, тое атачэнне, каб разбірацца з такім паражэнне. Таму адклалі гэта на больш светлы час сутак».
– Які план на сёння. Адпачываць будзеце?
– Не, сёння трэніроўка, заўтра заезд на базу, і рыхтуемся да гульні супраць «Славіі» мазырскай.

Нічога асабістага, як гаворыцца, гэта спорт – прагулялі і прагулялі. Ёсць магчымасць усё перавярнуць, калі не журыцца і не кныхаць. Толькі ў футбалістаў пакуль такога настрою не праглядалася. Стаялі, як цені, і ўражанне, што збіраюцца гуляць у двубоі ў адказ 29 жніўня гэтак сама. Капітан каманды Ігар Стасевіч, звычайна камунікабельны, ды ў адрозненне ад каманды, якую чакаў аўтобус, выйшаў апошні ды таксама хутка шмыгнуў, але ў салон таксі.

У гэты ж дзень лік 3:0 быў зафіксаваны яшчэ ў трох двубоях. Ад шведскага «Мальмё» ды галандскага «Фэеноўрду» пацярпелі ізраільскія клубы, ад нідэрландскага ПСВ – «Апалон» з Кіпру. І ніхто з тых, што зазнаў такія няўдачы, не адчайваўся.

Або мы лічым, што мусілі лёгка мінуць суперніка, які толькі на пару пазіцыяў ніжэйшы за БАТЭ ў рэйтынгу УЕФА, але мае крыху іншую трансферную палітыку. Прынамсі, гэтак ацэньваюць тыя, хто лічыць, што барысаўцы саступілі найперш у якасці легіянераў, што збольшага аніяк не набяруць агнявую форму, прыйшоўшы ў клуб у розны час. Ва ўсялякім разе, Аляксей Бага лічыць, што каманду можна паспець перамяніць:

«Вельмі шмат крытыкаў, вельмі шмат усялякіх меркаванняў, таму яшчэ раз кажу: трэба спакойна разабрацца ў гэтай паразе. Крытыкі заўсёды былі. Галоўнае, каб гэта не перарастала ў крытыканства. У жніўні казаць пра патэнцыял не выпадае, але тое, што ёсць вера ў каманду і хлопцаў – гэта сто адсоткаў! Калі мы пра штосьці хочам думаць – гэта атакаваць і забіваць».

Свежыя ў памяці нядаўнія паўфіналы Лігі чэмпіёнаў мінулага сезону, калі «Лівэрпулу» удалося мінуць «Барсэлону» пасля 0:3 у гасцях, але 4:0 удома. А «Тотэнгэм Готспур» увогуле зазнаў паразу на сваім полі ад «Аяксу» 0:1, а да перапынку двубою ў Амстэрдаме прапусціў яшчэ два галы, аднак у другім тайме з улікам кампенсаваных шасці хвілінаў усе тры мячы адгуляў. А ў 2017-м «Барсэлона» увогуле саступіла «Пары Сэн-Жэрмэн» у сталіцы Францыі 0:4, але на «Кам Ноў» узяла бліскучы рэванш 6:1.

І ў гэтых неверагодных выпадках няма вялікага сэнсу казаць пра фінансавыя магчымасці таго ці іншага з грандаў. Трэба хаця б жадаць перамагчы. Тым больш і «Астана», паводле галоўнага трэнера каманды Рамана Грыгарчука, зусім не ўпэўненая ў тым, што ўжо прайшла ў групавы раўнд Лігі Еўропы. І чэмпіён Казахстану нельга сказаць, што ўвесь час гуляў шырока і з размахам. Яны таксама баяліся, закрываючы свае тылы татальным адступленнем.

Тое, што БАТЭ ўмее браць браму суперніка і не аднойчы – спраўджвалася. Так зусім рана яшчэ казаць пра вялізныя праблемы з выхадам у групу Лігі Еўропы. Прынамсі, адмовы ад каментароў асобныя гульцы БАТЭ тлумачылі тым, што ўсё скажуць у двубоі ў адказ. Дай Бог, як гаворыцца. Спадзяемся, скажуць нашмат больш, чым удалося ў першай сустрэчы.

Аляксандр Пуціла, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары