Алесь Пілецкі і Арцём Гарбацэвіч – «справа Белага легіёну»


Справа Белага легіёну выбухнула літаральна напярэдадні сёлетняга Дня Волі пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі пра нібыта ўжо затрыманыя тры дзясяткі баевікоў, падрыхтаваных у лясах пад Асіповічамі ды ў Літве, Польшчы ды Украіне.

Літаральна на наступны дзень спецслужбы распачалі сапраўднае паляванне на беларускіх патрыётаў, найперш былых чальцоў даўно няіснай арганізацыі Белы легіён, а таксама Маладога фронту і афіцыйна зарэгістраванага клубу Патрыёт, якіх затым абвінавацілі ў рыхтаванні масавых беспарадкаў і правакацыяў на Дзень Волі ды ў фармаванні ўзброенага падполля.

Агулам былі затрыманыя 35 чалавек, частка з якіх пазней была вызваленая. На сённяшні дзень прынамсі 16 – ці фігурантам справы Белага легіёну выстаўленае абвінавачванне ў стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання. У якасці доказаў віны арыштаваных следчыя і афіцыйныя прапагандысты прыводзілі, сярод іншага, фота муляжоў і страйкбольнай зброі, афіцыйна ў нашай краіне не забароненай, а таксама налепкі, арматуру і сякеры. Частка беларускіх праваабарончых арганізацыяў прызнала фігурантаў справы Белага легіёну палітвязнямі.