Мaю прaвa Адзін з самых яскравых помнікаў архітэктуры Беларусі можа знікнуць


Гэтым разам здымачная група «Маю права» выправілася на мяжу Ашмянаў і вёскі Будзёнаўка. Тут месціцца сядзіба купца Лейбы Стругача – аднаго з самых багатых габрэяў Беларусі 19-га стагоддзя. Гісторык і журналіст Уладзіслаў Рудакоў робіць нам экскурсію.

«Ён (Лейба Стругач. – заўв. «МП») быў уласнікам вінна-дражджавога заводу ў Ашмянах, быў акцыянерам Лідскага піваварнага заводу. Гэтая сядзіба, па ўспамінах старажылаў, была адной з найпрыгажэйшых у рэгіёне. Тут быў басейн з залатымі рыбкамі, аранжарэя з незвычайнымі кветкамі», – распавядае Уладзіслаў.

Яшчэ сем гадоў таму ў будынку жылі людзі. Цяпер былую прыгажосць адлюстроўваюць толькі фотаздымкі.

«Новы ўласнік будынку зняў слой тынкоўкі, і будынак, пад уплывам прыродных сілаў, папросту пачаў разбурацца», – кажа Уладзіслаў Рудакоў.

Праз адсутнасць дагляду балюстрады амаль цалкам разбураныя, а сцены прагніваюць наскрозь. Жыхары Будзёнаўкі кажуць, што гэткі выгляд сядзіба атрымала, калі дом адсялілі ды аддалі Ашмянскаму мясакамбінату.

«Абдзерлі, хацелі рабіць рамонт. Але паглядзелі, што спарахнелыя сцены часткова, і адмовіліся», – зазначае Ян Сташкевіч, жыхар Будзёнаўкі.

На тэрыторыі сядзібы захаваліся і некаторыя гаспадарчыя аб’екты: рэшткі млыну, да якога ў савецкі час прыбудавалі жылы дом, а таксама драўляны лямус. Са словаў спадара Рудакова, гэта ўнікальны аб’ект.

«Гэта гаспадарчая пабудова, дзе захоўвалася збожжа, працоўныя прыстасаванні, а ўлетку, калі ў доме было горача, тут нават жылі. Гэткіх аб’ектаў у Беларусі засталося літаральна некалькі штук!», – адзначае спадар Рудакоў.

Калісьці гэты лямус хацеў набыць былы дырэктар мясцовае школы, але будынкі адмовіліся прадаваць паасобку. Былі ахвотныя набыць і цэлы комплекс.

«Хацелі памежнікі набыць. Прыязджалі сюды генерал, старшы афіцэр, палкоўнік… Таксама, па чутках, «Мілавіца» менская хацела тут адкрыць цэх – зноўку кошт загнулі добры. І зноўку жа па чутках, нібы нехта з Менску набыў яе», – распавёў нам Міхаіл Супрановіч, былы дырэктар мясцовае школы.

У Ашмянскім райвыканкаме пра стан сядзібы ведаюць. Намеснік старшыні райвыканкаму Вадзім Пашкоўскі паведаміў нам праз тэлефон, што афіцыйна былая сядзіба купца Лейбы Стругача не мае статусу гісторыка-культурнае спадчыны і застаецца ў жылым фондзе.

«Ужо прынятае рашэнне выканкаму аб уключэнні яе ў спіс аб’ектаў для продажу праз аўкцыён. Гэтым займаецца аддзел адукацыі, гэта – жыллё! На маю думку, цягам месяца выстаўляецца інфармацыя ў інтэрнэце і праз месяц адбываецца аўкцыён», – распавёў Вадзім Пашкоўскі.

Старшыня Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч раіць у падобных выпадках складаць прапанову аб наданні будынку статусу гісторыка-культурнае каштоўнасці.

«Гэта хоць нейкая спроба юрыдычна паставіць помнік пад ахову. Прапанова складаецца згодна форме, гэтая форма прапісаная ў Кодэксе аб культуры ў раздзеле «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны». Але ж, каб зрабіць рэканструкцыю, рэстаўрацыю, трэба шукаць інвестара, іншага шляху няма!», – тлумачыць Астаповіч.

Сем гадоў таму вуліца, на якой стаяць гістарычныя будынкі, атрымала імя Лейбы Стругача. Пакуль гэта адзіны рэальны крок да захавання спадчыны, пакінутай заможным купцом.

«Калі не прыняць тэрміновых мераў па захаванні гэтай сядзібы, то праз некалькі гадоў рэгіён пазбавіцца аднаго з самых яскравых помнікаў архітэктуры», – кажа на развітанне з намі гісторык і журналіст Уладзіслаў Рудакоў.

Таксама ў праграме «Маю права»:

  • Камунальнікі перакладаюць адказнасць за няякасны рамонт на побытавую тэхніку
  • Беларусы – пра захаванне гістарычных каштоўнасцяў
  • Жыхары Прылукаў наракаюць на бяздзейнасць забудоўніка
  • У Гарадку пенсіянер намагаецца вярнуць паляўнічы білет

Глядзіце праграму «Маю права» цалкам:

Праваабарончую праграму «Маю права» глядзіце кожную сераду а 19:05 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

 

Глядзі таксама
Каментары