Адным планам пра балючае


Камера неадрыўна назірае эпізод з жыцця беларускага прадпрыемства, дзе працуюць сярод іншага людзі з інваліднасцю, якіх наймаюць дзеля падатковых ільготаў. У фільме здымаюцца і знакамітыя акторы, і непрафесіяналы – гэта працаўнікі сацыяльнага прадпрыемства «Арт-ідэя», 13 хлопцаў і дзяўчат з рознымі формамі інваліднасці. Рэжысёр Віктар Красоўскі ўжо мае адну кінапрацу – фільм «Вартаўнік», але найперш ён вядомы як драматург, адсюль, магчыма, такі тэатральны падыход: спатрэбілася пяць напружаных рэпетыцыяў, каб зняць стужку з другога дубля.

НАТАЛЛЯ БРУЖНІК, КІРАЎНІЦА КРАЎДФАНДЫНГАВАГА ПРАЕКТУ:

«Хлопцы ездзілі на самое прадпрыемства, яны хадзілі з секундамерам, разлічылі кожную лакацыю, дзе хто будзе прысутнічаць, што гаварыць, якім чынам будзе перадавацца камера, каб не парушылася гэтая дынаміка, каб не было лішніх людзей у кадры. Неверагодных высілкаў каштавала гэтая падрыхтоўка».

Стужка паказвае стаўленне да людзей з асаблівасцямі з боку грамадства, якое звычайна абмяжоўваецца зычлівай абыякавасцю. Павел Харланчук-Южакоў грае ўласніка прадпрыемства. Ён быццам дэманструе прыязнасць і клопат да працаўнікоў-інвалідаў, але думае найперш пра сваю выгаду. Дарэчы, паводле сцэнара адна гераіня памірае ад прыступу гіпаглікеміі, але пасля доўгіх спрэчак трагічны фінал вырашылі прыбраць. Бо ён бы адцягнуў увагу ад мноства мікрадрамаў, з якіх складаецца атмасфера фільму.

ЛЕАНІД КАЛІЦЕНЯ, ПРАДЗЮСАР ФІЛЬМУ:

«Менавіта атмасфера такіх маленькіх здрадаў, маленькіх подласцяў, маленькага канфармізму, яна і спараджае вялікія непрыемнасці».

Карціна з малым бюджэтам: каб пачаць здымкі, стваральнікі ўчатырох скінуліся па 250 долараў. А потым з дапамогай краўдфаўндынгу ўдалося сабраць яшчэ каля дзвюх тысячаў на постпрадакшн і прасоўванне фільму. Днямі адбыўся першы прагляд для медыяў, і мяркуючы з водгукаў, фільм зачапіў. Наступны раз яго пакажуць найхутчэй ужо ўвосень на фестывалях «Бульбамуві» і «Лістапад».

Іншыя тэмы: «Купальскія мары» – сумяшчэнне нацыянальнае традыцыі з дабрачыннасцю ў Горадні. Выставу віцебскага музею «Марк Шагал і мастакі еўрапейскага авангарду» экспануюць у Вроцлаве.

Аляксандра Дорская, Ірына Дарафейчук, «Белсат»