Адкуль беларускія школы ў Польшчы Пілсудскага?


Дзеячы беларускага нацыянальнага руху, якія жылі ў міжваеннай Польшчы, лічылі нацыянальную адукацыю вельмі важнаю справаю. Таму адразу пасля завяршэння савецка-польскай вайны яны зарганізавалі Таварыства беларускай школы – ТБШ. Пра гісторыю ўзнікнення, дзейнасць і разгром гэтай арганізацыі – у новым выданні праграмы «Загадкі беларускай гісторыі».

Пытанне адукацыі ў міжваеннай Польшчы не было простае. Трэцюю частку насельніцтва краіны складалі прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў: немцы, габрэі, украінцы і г. д. Былі сярод іх і два мільёны беларусаў. Першая сусветная вайна скончылася падпісаннем Вэрсальскага міру. Польшча была вымушаная падпісаць гэтак званыя малыя Вэрсальскія трактаты аб абароне правоў нацыянальных меншасцяў на сваёй тэрыторыі.

Гэтым спрабавалі скарыстацца беларускія нацыянальныя дзеячы. Яны зарганізавалі ТБШ, якое праіснавала 15 гадоў.

Вартымі ўвагі з’яўляюцца дачыненні ТБШ і Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (КПЗБ). Чальцоў ТБШ можна ўмоўна падзяліць на два крылы: асветніцкае, якое трымалася па-за палітыкаю, і камуністычнае, з якім прабавалі супрацоўнічаць савецкія спецслужбы. Склад органаў кіравання ТБШ – управаў – часцяком быў змешаны.

«Часта было так, што ва ўправе былі сем чалавек. З іх былі тры члены КПЗБ, тры прыхільнікі незалежнасці Беларусі і адзін, які не вызначыўся», – гаворыць гісторык Андрэй Вашкевіч.

Таму не дзіўна, што гадаванцам ТБШ быў камуністычны паэт Максім Танк, а адным з актыўных дзеячаў – Пётр Сяўрук, якога доктар гістарычных навук Сяргей Токць характарызуе як «зацятага і перакананага антыкамуніста».

У чым заключалася дзейнасць ТБШ? Наколькі маштабнай яна была? Якія дачыненні мела з польскімі ўладамі і савецкімі спецслужбамі? Ці справядлівыя закіды ў пракамуністычнасці ТБШ? Чаму адшукаць звесткі пра дзейнасць гэтай арганізацыі сёння так няпроста? У гэтых пытаннях разбіраўся доктар гістарычных навук Аляксандр Краўцэвіч.

Праграма «Загадкі беларускай гісторыі» выходзіць на «Белсаце» кожны панядзелак а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.