«Белсат» запускае прышпільнае шоу для ўсяго СНД. Сатырычнае шоу


Глядзіце прэм’еру нядзельнага сатырычнага шоу «Вечаровы шпіль», якое стартавала ў нядзелю на тэлеканале «Белсат».

«Апрача відавочнай сувязі з вядомым скандалам, назва празрыста намякае на тое, што ў «Вечаровым шпілі» мы будзем устаўляць шпількі чыноўнікам з усёй постсавецкай прасторы, нягледзячы на ​​рангі», – папярэджвае вядоўца Алесь Карніенка.

«Белсат» актыўна глядзяць і чытаюць не толькі ва Украіне, але і ў Расеі, Арменіі ды іншых краінах постсавецкай прасторы. На гэтую аўдыторыю і разлічаны «Вечаровы шпіль», які будзе выходзіць па-расейску ды змяшчацца на нашым YouTube-канале «Вот так».

Сатырычных шоу дастаткова і ў Расеі. Але запазычыўшы фармат на Захадзе, іх вядоўцы прыбралі галоўнае: жарты пра палітыку. «Вечаровы шпіль» ад апошніх адмаўляцца не збіраецца, чым і будзе вылучацца на фоне канкурэнтаў.

Жыхары СНД, якія глядзяць выданні навінаў на афіцыйных расейскіх тэлеканалах, чуюць пра сітуацыю ва Украіне ды Сірыі, аб пратэстах у Парыжы або праблемах Трампа. З нашага шоу яны ўрэшце даведаюцца пра тое, што адбываецца ў іх на Радзіме.

«”Вечаровы шпіль” – гэта навіны, падобныя на жарты, і жарты, падобныя на навіны!» – заўважае Алесь Карніенка і ўдакладняе: «Праграма падрыхтавана па заданні ЦРУ – Цэнтральнага забаўляльнага кіравання».

У першай серыі мы падвядзем вынікі 2018 года і агучым парачку прагнозаў на бягучы (відэа вышэй).

Сатырычнае шоу «Вячэрні шпіль» глядзіце па нядзелях а 21:15 на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.