Ці стала Беларусь бліжэй да свабоды ў 2022 годзе?


Валер Мацкевіч з Каардынацыйнай рады лічыць, што беларусы сталі на адзін сцэнар бліжэйшыя да перамогі. Святлана Мацкевіч мяркуе, што мы спыніліся і завіслі. Хто з іх мае рацыю? Падводзім вынікі 2022 года для Беларусі.

Тэма сённяшняга «Двубою» з Віталём Цыганковым – «Вынікі года: ці стала Беларусь бліжэйшай да свабоды? Спрэчка песіміста і аптыміста».

Госці праграмы – сябра Каардынацыйнай рады Валер Мацкевіч і метадолаг, экспертка ў пытаннях адукацыі Святлана Мацкевіч.

2022 год мінае, але ў гэты год «мы здолелі адчуць большую еднасць», – лічыць Валер Мацкевіч: «Мы змаглі аб’яднацца, стварыць інстытуцыі, якія аб’ядналі нас, як Кабінет і Каардынацыйная рада». Беларусы ж не змянілі свайго меркавання ў імкненні да дэмакратычных зменаў. Таму, згодна Валеру Мацкевічу, «у нас ёсць нагода для стрыманага аптымізму».

Святлана Мацкевіч разглядае 2022 год як працяг распачатай у 2020-м беларускай рэвалюцыі. Але пакуль яе задачы так і не вырашаныя.

«Задачы, якія ставіліся ў 2020 годзе, – задача ўлады, пераўсталявання дзяржавы, змены ўлады, задача захавання незалежнасці краіны і будаўніцтва дэмакратычных структураў у самой Беларусі, а не за яе межамі. Гэтыя задачы не вырашаныя», – адзначае Святлана Мацкевіч.

Яна лічыць, што ў 2020 годзе Лукашэнка фактычна прысвоіў уладу, але ні ён, ні Святлана Ціханоўская не маюць падставаў гаварыць пра сваю легітымнасць ва ўмовах адсутнасці сапраўдных выбараў у Беларусі. І цяперашні стан Святлана Мацкевіч называе «двоеўладдзем».

«Улада – яна як боўтаецца – нікім не ўзятая. Усе толькі эмітуюць, што яны пры ўладзе», – гаворыць Святлана Мацкевіч і лічыць, што надышоў час перастаць перажываць 2020 год і рухацца далей. Валер Мацкевіч згаджаецца і адзначае, што «час кветак і выхаваных паводзін» паказаў сваю недастатковасць. Таму з’явіліся ў Кабінеце Святланы Ціханоўскай Аляксандр Азараў і Валер Сахашчык.

Ці ёсць план у беларускіх дэмакратычных сілаў, каб вярнуцца ў Беларусь і адхіліць Аляксандра Лукашэнку? Ці рушым мы да перамогі і як на гэта паўплывала распачатая Расеяй вайна ва Украіне? Што павінна рабіць беларускай супольнасць, каб вызваліць палітвязняў? Чаму Лукашэнку да гэтага часу не прызналі злачынцам на міжнародным узроўні? Старэйшы дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка падвёў вынікі года, а палітолаг Дзмітрый Балкунец раскрытыкаваў цяперашнюю мадэль дзейнасці дэмакратычных сілаў. Глядзіце ў новым выданні «Двубою».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube