«Прачынаешся з думкаю, ці затрымаюць цябе сёння»


Барыс Курыловіч працаваў шэф-кухарам у санаторыях у Беларусі, у 2020-м далучыўся да пратэстаў у Менску. Апошнія два гады жыў з адчуваннем, што ў любы дзень яго затрымаюць. Праз гэта вымушаны быў з’ехаць. Новы «Беларус беларусу».

«Першае маё жаданне было – узяць у рукі зброю і ехаць ва Украіну, каб адпомсціць за тое, што з маім жыццём зрабілі», – успамінае Барыс пра тое, што адчуў па пераездзе ў Вільню.

Аднак ішоў да эміграцыі доўга, адкладаючы гэты крок да апошняга: «Ты два гады кладзешся спаць і думаеш, ці добра, што дзень прайшоў і цябе не затрымалі. І прачынаешся ты з думкаю, ці затрымаюць цябе сёння. І гэтая нядзеля апошняя была настолькі цяжкай, што я кожны раз, выходзячы надвор, азіраўся».

Па пераездзе ў Вільню ўладкаваўся шэф-кухарам ва ўжо легендарную «Карчму 1863», аднак смерць бацькі на радзіме і немагчымасць развітацца з ім, расстанне з жонкай, якая засталася ў Беларусі разам з дваімі дзецьмі, урэшце сказаліся на здароўі. У выніку Барыс моцна страціў у вазе, выпалі пяць зубоў. Сёння мужчыну патрэбная медычная дапамога, якая каштуе 5000 еўраў. Таму Барыс Курыловіч праз «BYSOL» звярнуўся па дапамогу да неабыякавых беларусаў.

Калі вы жадаеце падтрымаць герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.