Як беларускія фонды салідарнасці выкарыстоўваюць ахвяраванні грамадзянаў для дапамогі рэпрэсаваных? Высвятляем у праграме «Шчыра кажучы».
Улады Беларусі, падобна, засакрэцілі звесткі пра міграцыю. У статыстыцы, апублікаванай Еўразійскім эканамічным саюзам, у графе «міжнародная міграцыя» толькі насупраць Беларусі няма ніякіх лікаў – імаверна, гэтых звестак нашая краіна не перадала.
Але раней у МУС паведамлялі, што ў верасні-кастрычніку, то бок пасля прэзідэнцкіх выбараў, з Беларусі з’ехалі 13 з паловаю тысяч асобаў.
«Вось такім элементам, які замяшчае фізічнае знішчэнне, з’яўляецца прымусовая эміграцыя беларусаў – інтэлектуальных перш за ўсё рэсурсаў беларускага грамадства. Такім чынам улады будуць імкнуцца знішчыць інтэлектуальны супраціў у сваёй краіне. Бо фактычна для Лукашэнкі няма значэння, у якім накірунку, якім стане будзе беларуская гаспадарка, якім будзе беларускае грамадства. Ягоная асноўная мэта – знішчыць менавіта тую актыўную частку беларускага грамадства, якая асмелілася выступіць супраць ягонай улады», – адзначае доктар палітычных навук Павел Усаў.
У цэнтры скандалу апынуўся фонд «BySol» у Літве. Нібыта сябры фонду жывуць у дарагіх гатэлях, а ўцекачам з Беларусі дапамагаюць выбарачна. Кіраўнік фонду Андрэй Стрыжак не адмаўляе таго, што некаторыя людзі не атрымалі дапамогі. Па-першае, паводле яго, не ўсе з іх прайшлі верыфікацыю, а па-другое – некаторых адпраўлялі ў іншыя фонды.
Кіраўнік «BySol» распавядае, што фонд сабраў для дапамогі беларусам больш за € 3,2 млн, і большая частка гэтых грошай ужо выдаткаваная. А шыкоўнае жыццё на народныя грошы, кажа, – няпраўда.
«Былі людзі, якія вельмі хацелі зрабіць так, каб праграма рэлакацыі была асноўнаю ў нашым фондзе, каб мы ўсе грошы выдаткавалі на людзей, якія выехалі з Беларусі. Падкрэсліваю і заўсёды падкрэсліваў: фонд «BySol» створаны для таго, каб працаваць унутры Беларусі», – тлумачыць Андрэй Стрыжак.
Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»: