Ці спыніў Лукашэнка расейскія абстрэлы Украіны з Беларусі? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Новы наступ з Беларусі на Украіну: як ён можа выглядаць?

Лукашэнка праводзіць агульныя танкавыя вучэнні на мяжы з Украінаю і ставіць на вушы менскую камендатуру. Пужае сілавікоў наступам суседзяў, якія амаль усе чальцы NATO. Магчыма, дыктатар замест бою курантаў баіцца пачуць варожую кананаду. Калі ж Лукашэнка ўсё ж наважыцца атакаваць Украіну і далучыцца да Z-войскаў, як тое будзе выглядаць? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Лукашэнка спыніў расейскія абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі?

Іранскія дроны «Шахед» вязуць у Беларусь. Навошта ў Менску менавіта цяпер пачалі рабіць ноўтбукі з працэсарамі 13-га пакалення? Ці Лукашэнку ўдалося спыніць абстрэлы Украіны з тэрыторыі Беларусі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Сяргеем Бульбам, заснавальнікам «Белага легіёну», бізнесменам у сферы IT і падарожнікам, які жыў у Тыбеце і ў Паўднёвай Амерыцы. Таксама ў інтэрв’ю пра сімвалізм вайны, пра Мардор, оркаў і дзевяць пярсцёнкаў улады. Пра тое ці Масква гэта Трэці Рым, ці другі Берлін? Пра паралелі нашага свету з казачным светам «Уладара Пярсцёнкаў» Джона Толкіна.

Вярнуўся ад Пуціна «на плюсе»?

Натхнёны піцерскай чысцінёй, Лукашэнка не паспеў вярнуцца дадому, адразу ж узяўся за парадак. Нібыта для праверкі, камендатура Мінабароны пераводзіцца з мірнага на ваеннае становішча. Гэта першае, што зрабіў Лукашэнка, прыехаўшы з Расеі, дзе пад патранажам Пуціна браў удзел у нефармальным саміце краінаў СНД. Дарэчы, падобна, што для Лукашэнкі паездка сапраўды атрымалася ўдалай. Наведаў Звёзны гарадок, памацаў аўтамабіль Гагарына, даў наказ будучым беларускім касманаўткам, прывёз дамоў золата. З’ездзіў у плюс, так бы мовіць. Навошта яму беларускія дзяўчыны ў космасе і чаму толькі ён, адзіны з усіх кіраўнікоў дзяржаваў СНД, адзеў пярсцёнак атрыманы ад Пуціна? Каментуюць Дзмітры Балкунец і Валер Карбалевіч. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Арменія знаходзіцца ў стане закладніка Масквы. Інтэрв’ю з Тыгранам Хзмалянам

Мэты Масквы ў Арменіі не асобныя для Арменіі. Гэта каланіяльная вайна. Галоўны фронт – Украіна, але і Арменія гэта адзін з вельмі важных франтоў. Расеі патрэбныя азербайджанскія трубы для продажу свайго газу і нафту праз іх у абыход Украіны і Паўночнай плыні, праз Турцыю. Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Тыгранам Хзмалянам, лідарам Еўрапейскай партыі Арменіі.

Людзі Пуціна нажываюцца на карабахскім золаце

Залатыя радовішчы Нагорнага Карабаху ў цэнтры новай эскалацыі армяна-азербайджанскага канфлікту. На гэты раз, нібыта з экалагічных меркаванняў, азербайджанцы перакрылі адзіную дарогу, якая злучае Нагорны Карабах і Арменію. Армянская меншасць узялі фактычна ў закладнікі на тэрыторыі Азербайджану. Так званыя расейскія міратворцы не выконваюць свае абавязкі па забеспячэнні кантролю за бесперашкодным перамяшчэннем па Лачынскім калідоры. Чаго дабіваюцца Азербайджан і Расея? Каму належаць радовішчы золата ў Нагорным Карабаху? Хто можа дапамагчы развязаць праблему? Каментуюць былы амбасадар Азербайджану ў Еўразвязе Арыф Мамадаў і Рубен Меграбян, віцэ-старшыня партыі «За Рэспубліку», Арменія. Сюжэт Юліі Лабанавай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.