«Ад каровы засталася толькі галава». Інсайдар – пра жахі ў калгасах


Лукашэнка зноў заняўся сельскай гаспадаркай. Расея адкрыла для Беларусі свой рынак, і цяпер гэта адзіная галіна, якая рэальна зможа прыносіць грошы, пакуль краіна пад санкцыямі. На чым сапраўды можна зарабіць на зямлі? Што адбываецца ў аграпрамысловым комплексе? Распавядаюць інсайдары ў чарговым выданні праграмы «Шчыра кажучы» з Арынаю Маліноўскай.

Са словаў Лукашэнкі, у 1990-я мукі заставалася на тры дні, затое цяпер Беларусь корміць сама сябе, ды яшчэ экспартуе сельгаспрадукцыі на $ 6,5 млрд. Збірае рэкордныя ўраджаі збожжа, а па экспарце масла – трэцяя ў свеце. Мы звярнуліся да эксперта ў аграрнай дзейнасці, каб ён пракаментаваў гэтыя дасягненні. Ён пагадзіўся зрабіць гэта ананімна.

«Атрымалася коштам неймаверных намаганняў, у тым ліку фінансавага плану, падняць вытворчасць малака да таго ўзроўню, які мы сёння маем. У нас дзесьці на сённяшні дзень каля 7,8 млн т. Хоць 7,5 т краіна даіла ў 1990 годзе», – сцвярджае эксперт.

Атрымліваецца, што вытворчасць малака сапраўды прыбытковая. Рэнтабельнасць тут складае каля 20 %. Таксама выгадна займацца рапсам – каля 20 % рэнтабельнасці. А вось у жывёлагадоўлі яна мінус 40 %.

Суразмоўца праграмы «Шчыра кажучы» – работнік малочнатаварнага комплексу – распавядае, што амаль штодня бачыць, як здыхае жывёла:

«У мяне цягам тыдня памерлі 4 каровы і 2 цяляці. Не ў мяне, у сэнсе, а на комплексе маім. Гэта замоўчваецца, а больш прыдатнае мяса работнікі проста дзеляць паміж сабой, а астатняе вывозяць, камусьці таксама прадаюць. І ва ўлік гэта ні ў які не ідзе».

Лукашэнка не аднойчы крытыкаваў жывёлаводаў, звальняў людзей за брудных кароў на магілёўскіх фермах, а на Гомельшчыне выкрываў тых, хто рэзаў кароў і прадаваў у Расею. Але быдла працягвае дохнуць. Паводле Белстату, з 1995 года пагалоўе кароў скарацілася на 600 тыс.

Давайце разбірацца
Чаму беларускія вёскі застаюцца без грошай?
2020.03.12 19:05

Работнік малочнатаварнага комплексу сцвярджае, што так адбываецца праз кепскія ўмовы ўтрымання жывёлы і недахоп ветэрынараў. Кваліфікаваны ветэрынар прыязджае на ферму раз на адзін-два тыдні. Без яго, калі не ведаюць, як дапамагчы, скаціне проста пераразаюць горла.

«Пераганялі кароў у секцыю даення, дзе іх мусяць падаіць, і адная карова… Ці то яе штурхнулі, ці то што, ну яна проста ўзяла і ўпала. І ўсё, і больш не ўставала. […] У выніку проста прыехаў трактар, адцягнуў яе на задні двор, карова там засталася ляжаць і чакаць сваёй долі», – кажа мужчына. Калі ён наступай раніцай прыйшоў на працу, на тым месцы былі толькі рэшткі каровы: «Ляжала проста галава. Проста каровіна галава ляжала вось за пару метраў ад месца, дзе яе цела было».

Таксама ў праграме:

  • Чаму сельская гаспадарка ў заходняй частцы Беларусі больш паспяховая, чым ва ўсходніх рэгіёнах?
  • Колькі агулам дзяржава ўклала ў сельскую гаспадарку з 2010 года?
  • Ці пабагацелі вяскоўцы ад велізарных інвестыцыяў у вёску?
  • Як даюць рады беларускія фермеры без дзяржаўнага падтрымання?

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым YouTube-канале.

Фота: belsat.eu