Адзін – за мяжой, другі – на «хіміі». Як склаўся лёс герояў праграмы «Шчыра кажучы»


Вядоўца праграмы «Шчыра кажучы» Арына Маліноўская ў апошнім выданні 2021 года размаўляе з героямі праграмы, якія прыходзілі ў студыю цягам года, каб даведацца, як змянілася іхнае жыццё.

Сёлета ажно два выданні аўтары «Шчыра кажучы» прысвяцілі працы беларускіх сілавікоў.

Шчыра кажучы
Калі сілавікі пяройдуць на бок народу?
2021.05.19 19:34

Ягора Емяльянава, былога супрацоўніка органаў, пасля эфіру затрымалі. Былы сілавік, які звольніўся падчас пратэстаў і ўладкаваўся фітнес-трэнерам, паўтара месяца правёў на Акрэсціна, а потым даведаўся, што супраць яго распачалі крымінальную справу паводле арт. 425 ч. 2: «Бяздзейнасць службовай асобы, наўмыснае невыкананне службовых абавязкаў насуперак інтарэсам службы».

«Менавіта гэтая праграма і была прычынаю затрымання, – распавядае Ягор Емяльянаў. – …Яны мне так і сказалі прамым тэкстам, што ты шмат гаворыш не там, дзе трэба».

Ягор быў вымушаны бегчы з Беларусі – ён нелегальна перайшоў мяжу з Украінаю. На гэтым прыгоды не скончыліся: у Кіеве ўцекача затрымалі, а потым завезлі на допыт у СБУ. Але разабраўшыся ў сітуацыі, адпусцілі. Ягор дачакаўся сваю сям’ю і разам з ёй эміграваў у Нямеччыну, дзе намагаецца ўладкаваць сваё жыццё.

Шчыра кажучы
Як сілавікі спрычыніліся да росту злачынстваў?
2021.09.22 19:05

Яшчэ адзін герой выдання «Шчыра кажучы» – былы начальнік аддзелу крымінальнага вышуку Дзмітрый Кулакоўскі. Пасля выбараў пастанавіў звольніцца, але неўзабаве на яго завялі крымінальную справу паводле арт. 362: «Абраза прадстаўніка ўлады». Былы сілавік быў вызвалены ў зале суда да апеляцыі, тады і даў інтэрв’ю нашай праграме. Але на наступны ж дзень пасля выхаду ў эфір выдання мужчыну затрымалі і адправілі на Акрэсціна, дзе ён прабыў да суда. Кулакоўскаму прысудзілі 2 гады «хіміі», цяпер яго трымаюць у папраўчай установе адкрытага тыпу на Пружаншчыне.

Таксама ў праграме кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч распавядзе, як ягоная каманда была вымушаная рэлакавацца ў Польшчу. Былыя госці праграмы – беларускі хакер Сяргей Паўловіч, які адбываў пакаранне за кіберзлачынства, сужэнцы Настасся і Сяргей Крупенічы, якіх абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў, былы азотавец Аляксей Сідар, які далучыўся да страйку, – распавядуць пра свае ўцёкі з Беларусі і тое, як намагаюцца знайсці сябе за мяжою. Лідар гурта «Галасы ЗМеста» апавядзе пра складанасці жыцця праўладных артыстаў. На заканчэнне – аптымістычны прагноз на 2022 год ад былога дыпламата Паўла Мацукевіча.

Праграма «Шчыра кажучы» выходзіць штосераду а 19:05 у эфіры «Белсату», а таксама на нашым канале YouTube-канале.

Калаж з фота: асабісты архіў Егора Емяльянава; Дар’я Буракіна; Getty Images / FAP / S. Gapon, president.gov.by