Ці нападзе лукашэнкаўскае войска на Украіну?


Наталля Радзіна лічыць, што беларускі рэжым уступіць у вайну, бо сам Лукашэнка ўжо нічога не вырашае. Пётр Рудкоўскі кажа, што тут не ўсё так адназначна і што дыктатар можа выкруціцца. Але хто з іх мае рацыю?

«Двубой» – новая праграма «Белсату». Яе вядоўца – журналіст Віталь Цыганкоў. «Двубой» – гэта дыскусія, спрэчкі, аргументы, эмоцыі. Удзельнікі праграмы – людзі, якія маюць розныя погляды да нейкай праблемы. Тэма сённяшняга «Двубоя» – «Ці ўступіць Беларусь у вайну? Ці будуць беларускія ваенныя ўдзельнічаць у ваенных сутыкненнях ва Украіне?». Госці – Наталля Радзіна, рэдактарка сайту «Хартыя-97», і Пятро Рудкоўскі, палітолаг, дырэктар BISS – Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў.

Анонс
У спрэчцы нараджаецца ісціна. Новая праграма «Двубой» на «Белсаце»
2022.10.28 17:30

Напачатку праграмы Пятро Рудкоўскі прапанаваў гумарыстычны вобраз: «Лукашэнка на арэлях, падвешаныя на няўстойлівым ланцужку, які, аднак, дазваляе гойдацца. А пад арэлямі нейкая частка вось гэтай прасторы, гэтая дзіра пад назвай «Вайна». І вось Лукашэнка гойдаецца над гэтай прасторай, час ад часу трапляючы ў гэтую зону, калі ён можа зваліцца ў гэтую яму пад назвай «Вайна». Тым не менш нагамі і рукамі, іншымі рознымі часткамі цела спрабуе такім чынам, каб хутчэй з гэтага месца, дзе ён можа зваліцца ў дзірку пад назвай «Вайна» адхіліцца. Імавернасць так, імавернасць таго, што ён, а разам з ім і ягоны рэжым, і ягоная сістэма «Беларусь» уваліцца туды ёсць. Тым не менш брыкаецца, тым не менш спрабуе».

«Ні на якіх арэлях Лукашэнка не гайдаецца. Ён ужо дагойдаўся. І даўно ўжо знаходзіцца ў прорве. І самае галоўнае – у вайне, таму што мы павінны аддаваць сабе справаздачу, што рэжым Лукашэнкі паўнавартасна ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны з 24 лютага 2022 года, калі з тэрыторыі Беларусі ўвайшлі расейскія войскі на тэрыторыю Украіны і вось ужо 8 месяцаў з тэрыторыі Беларусі ідзе абстрэл украінскай тэрыторыі, уключаючы і ракетамі і цяпер іранскімі дронамі. Таму я ўпэўнена, што гэтае разгортванне рэгіянальнай групоўкі Саюзнай дзяржавы азначае толькі адно і служыць прыкрыццём для таго, каб на тэрыторыю Беларусі ўвайшла як мага большая колькасць расейскіх войскаў», – адзначае Наталля Радзіна.

У праграме «Двубой» эксперты адкажуць на пытанні пра стан Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і іх падрыхтаванасць да магчымага ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны. Як рухаецца справа са стварэннем вайсковых злучэнняў у межах Саюзнай дзяржавы? Наколькі прасунулася пытанне прызнання так званых «ЛНР» і «ДНР» з боку Лукашэнкі і аб чым гэта сведчыць? Якая ступень залежнасці рэжыму Лукашэнкі ад Крамля і як гэта ўплывае на беларускае войска? Ці існуе верагоднасць, што перакідваннем у Беларусь 9 тысячаў расейскіх вайскоўцаў Крэмль не абмяжуецца? І якая сапраўдная мэта стаіць за іх знаходжаннем у Беларусі? Як сябе павядуць беларускія вайскоўцы ў выпадку магчымага ўварвання ва Украіну і чым гэта стане для рэжыму Лукашэнкі? Аб чым сведчыць палітычная актывізацыя дзейнасці палка Кастуся Каліноўскага і як на гэта глядзіць асабіста Лукашэнка?

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube.