Рэжым Лукашэнкі вісіць на валаску. Яго зрыне дывізія Каліноўскага? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Ці можа Лукашэнка хоць у нечым адмовіць Пуціну, а таксама – ці рэальны сцэнар – ядравы ўдар па Беларусі? Як выглядае наш шанец на вызваленне?Галоўныя тэмы праграмы абмяркоўваем з Зянонам Пазняком.

Наколькі рэальны ядравы ўдар па Беларусі?

Пагроза NATO для беларускага войска параўнальная з расейскай ядравай атакай супраць украінскіх сілаў. Удар па вайсковых цэлях у Беларусі будзе мець дадатковы плюс, бо пакажа слабасць Беларусі. Такая сітуацыя можа прывесці да падзення рэжыму ў Менску. Такую канцэпцыю агучыў канадскі палітолаг, даследнік войнаў і праблемаў, звязаных са зброяй масавага знішчэння, Джульян Спэнсэр-Чэрчыл. Ён – былы вайсковец, які на ўплывовым амерыканскім партале «Real Clear Defense», блізкім да дэпартаменту абароны ЗША, апублікаваў вялікі артыкул на гэту тэму. У каментары для «ПраСвету» эксперт распавёў дэталі магчымага ядравага адказу NATO за ўдар Расеі па Украіне. Таксама мы запісалі каментары генерал-лейтэнанта ў адстаўцы Бэна Гожэза, былога камандуючага арміяй ЗША ў Еўропе, а таксама Марэка Будзіша, польскага эксперта ў пытаннях расейскай вайсковай стратэгіі.

Полк Каліноўскага – адзіная арганізаваная сіла, якая можа нешта вырашыць. Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком

Беларусам трэба ўсімі сіламі дапамагаць палку Каліноўскага і ўкраінцам. Гэта наш адзіны шанец. Полк павінен вырасці ў брыгаду і ў дывізію. Тады рэжым Лукашэнкі, які вісіць на валаску, пасыплецца ў выніку паўстання ў Беларусі. Ці дазволяць украінцы беларускім добраахвотнікам вызваліць Беларусь? Інтэрв’ю з Зянонам Пазняком пра вайну ва Украіне, візіт Лукашэнкі ў Абхазію, магчымую ядравую вайну, новую фазу расейскай акупацыі, план «Перамога», полк «Пагоня» і Валерыя Сахашчыка.

Поўная версія інтэрв’ю працягласцю 25 хв. з’явіцца на YouTube канале «Белсат News» 30 верасня.

Пуцін ідзе ва-банк. Ці апошняя гэта вайна?

Псеўдарэферэндум, мабілізацыя і пагроза ядравай атакі. Гэта галоўныя тэмы, якія абмяркоўваліся ў рэгіёне. Але нашая мэта – зразумець, навошта Крэмль ідзе на гэтыя крокі і ці затрымаюць крамлёўскія пагрозы вызваленне Украіны ад акупацыі. У матэрыяле Святланы Аўчаровай – каментары Міхайлы Самуся, Міколы Саламахі, Уладзіміра Фясенкі ды Абаса Галямава. Таксама ў нашым сюжэце амерыканскі генерал Бэн Годжэз выказваецца пра камандуючага ўкраінскім войскам – генерала Валерыя Залужнага – і пра тое, ці бываюць «апошнія» войны.

Турэцкая зброя захоплівае Еўропу

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган – галоўны пасярэднік у перамовах паміж Расеяй і Украінай. Вядомы абмен алігарха Медведчука на абаронцаў «Азоўсталі» не адбыўся б без удзелу турэцкага кіраўніка. Не дзіва, што Анкара імкнецца максімальна скарыстацца сітуацыяй і ў кірунку тэхналогіяў. Гэтак, Турцыя была галоўным госцем на найбуйнейшай вайсковай выставе ва Усходняй Еўропе – у польскім горадзе Кельцы. Што са зброі і вайсковай тэхнікі туркі прапаноўваюць у Еўропе? Рэпартаж Змітра Міцкевіча.

belsat.eu