Беларусы вырвалі сумленнага жаўнера з лап сілавікоў Лукашэнкі


Алеся і Андрэй прынялі актыўны ўдзел у пратэстах 2020 года і пакінулі Беларусь, каб уратавацца ад рэпрэсіяў. Тады сілавікі прыйшлі да іхнага сына, які падчас службы ў войску адмовіўся разганяць пратэсты. Але беларусы дапамаглі сям’і нашых герояў уз’яднацца ў Польшчы.

Андрэй і Алеся – беларускія акторы з Гомля, заснавальнікі «Тымтэатру» і фонду «Разам тут», які дапамагаў рабіць тэатральныя праекты для дзяцей са слабым зрокам і невідушчых. Андрэй быў рэжысёрам і кіраўніком тэатру «Інклюзіён», што рабіў спектаклі для людзей з інваліднасцю.

Андрэй і Алеся маюць трое дзяцей. Сярэдні, Аляксандр, ужо дарослы, адслужыў у войску. Службу праходзіў якраз у 2020 годзе. Ён быў адным з нямногіх жаўнераў, якія адмовіліся разганяць пратэсты.

Малодшага, Ігната, сужэнства забрала з сабою ў Польшчу. Каб вярнуць Алесю і Андрэя, сілавікі затрымалі Аляксандра. Пра гэта распавяла ягоная сястра Наста. Сілавікі спрабавалі абвінаваціць у захоўванні наркотыкаў і патрабавалі запісаць відэа, у якім ён просіць маму прыехаць у Беларусь. Аляксандр адмовіўся.

Як толькі з’явілася магчымасць, Наста і Аляксандр з’ехалі ў Кіеў, а адтуль у Польшчу. Нашыя героі падзяліліся з намі кранальнымі кадрамі ўз’яднання сям’і ў аэрапорце.

Наста расказала свае ўражанні ад гостэлу, за які яна дзякуе «Free Belarus Center». Туды яна прыехала з «вялікімі вачыма, поўнымі жаху», але хутка асвоілася і з удзячнасцю ўспамінае жыццё там.

«Я зразумела, як моцна я люблю беларусаў. Гэта сапраўды надзвычайныя людзі», – дзеліцца Наста.

Андрэй пераканаўся, што беларуская салідарнасць – працуе, і шчыра дзякуе фонду «Humanosh», BYSOL і асабіста Андрэю Стрыжаку.

«Відавочна, што дапамога працуе: беларус беларусу – беларус. Гэта сапраўды так, – кажа Андрэй. – Прынамсі нашая сітуацыя на 100 % гэтае сцвярджэнне спраўдзіла».

А мы дзякуем вам, гледачы, за тое, што падтрымалі нашых герояў і надалі розгалас іхнай гісторыі сваймі праглядамі, лайкамі, каментарамі і рэпостамі.

Калі вы хочаце падтрымаць нашых герояў, нязломных артыстаў і іхных дзяцей, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.