Чаму не падае рубель?


Усе чакалі, што беларускі рубель абваліцца, а тут нечакана наадварот: долар раптам пачаў таннець. Што гэта? Штучныя маніпуляцыі ўладаў? Ці ўстойлівы натуральны эканамічны трэнд? Разбіраемся ў праграме «Эканоміка з Чалым».

Адразу па дасягненні гістарычнага максімуму курсу долара да беларускага рубля на пачатку красавіка курс пачаў рухацца толькі ўніз. І цяпер на мінімуме за апошнія 3 месяцы. Чаму?

«Па-першае, гэты рух ідзе менавіта праз долар. Тут ёсць праблемы ў самым долары, звязаныя з тым, што на сусветных рынках ён слабее, прычым ужо досыць даўно. Усе чакаюць таго, што новы дэмакратычны ўрад Байдэна будзе ўсё больш увагі надаваць менавіта ўнутранаму стымуляванню эканомікі: інфраструктурнаму плану, бюджэтным выдаткам. Па-другое, гэта тое, што, як мы ведаем, беларускі рубель даволі моцна звязаны з расейскім рублём. Расейскі рубель на семдзесят адсоткаў складаецца з нафты. І там ёсць адразу некалькі фактараў, якія працуюць і на рост нафты, і на рост расейскага рубля», – тлумачыць эканаміст Сяргей Чалы.

Рост нафты звязаны з тым, што дысцыплінавана працуюць экспарцёры краінаў – сябры Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва АПЭК. Яны яшчэ раз пару тыдняў таму дамовіліся пра графік зніжэння здабычы. Гэтыя абмежаванні прывялі да таго, што імпарт нафты з краінаў Персідскага заліву памяншаецца.

«Попыт на расейскую нафту расце, кошт на яе расце, адпаведна – эфект прытоку долараў унутры краіны робіць паніжальны ціск. Праз гэта адбываецца эфект «галандскай хваробы», дадае эканаміст.

Таксама ў праграме «Эканоміка з Чалым»:

  • Вораг нумар адзін – спажывецкі імпарт;
  • Пляценне лапцяў замест справавой актыўнасці;
  • Памылкі Нацыянальнага банку;

Belsat.eu