Стэфан Баторы. Перамог Масковію і арганізаваў казацтва


Стэфан Баторы быў адным з найбольш паспяховых каралёў Рэчы Паспалітай. Ён правёў рэформы, увёў рэестравае казацтва, выйграў Лівонскую вайну, абраў сталіцаю Горадню, але ўсё жыццё марыў вызваліць сваю радзіму Трансільванію.

«Стэфан Баторы нарадзіўся ў 1533 годзе ў сям’і слыннага трансільванскага ваяводы. І звалі яго не зусім Стэфан – звалі яго Іштван. Але еўрапейцам было цяжка вымаўляць гэтае імя, і ў сусветную гісторыю ён увайшоў як Стэфан», – распавядае вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Стэфан Баторы вывучыўся ў Падуанскім універсітэце, быў паслом у Святой Рымскай імперыі, дзе нават адседзеў два гады ў турме, але ў выніку выбараў стаў каралём Рэчы Паспалітай – утворанай у 1569 годзе федэрацыі Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. Баторы вярнуў ВКЛ Полацк, захоплены маскоўцамі, і перамог у Лівонскай вайне Івана Жахлівага. Аднак самае галоўнае, што ён зрабіў, – правёў маштабныя рэформы ў Рэчы Паспалітай.

«Стэфан Баторы, можа, паспеў не так і шмат, але паспеў самае галоўнае – правесці рэформы ў судовай, адукацыйнай і вайсковай сферах. Ад вугорскіх уплываў у нас засталіся вугорская шабля, крылатыя шаблі, мужчынскі строй бекеша і галаўны ўбор, які ў хуткім часе стаў народным галаўным уборам для палякаў, літоўцаў і беларусаў, – магерка, і вугорскае віно, канечне», – тлумачыць Цімох Акудовіч.

Як Стэфан Баторы здолеў зрабіцца каралём Рэчы Паспалітай? Чаму сваёй сталіцай ён абраў Горадню? За кошт чаго здолеў перамагчы Масковію ў Лівонскай вайне? Чаму падтрымліваў езуітаў і казакоў? Як з ім звязаныя «крылатыя гусары», а таксама чаму Стэфан Баторы неспадзявана памёр у 1586 годзе? Адказы шукайце ў новым выданні «Вусоў Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.