У Беларусі пачалася палітычная адліга?


Масавыя рэпрэсіі супраць асобаў, не згодных з вынікамі прэзідэнцкіх кампаніяў у 2006 і 2010 гадах, змяняліся палітычнаю ды эканамічнай адлігай. Якія чыннікі змушалі ўлады змякчаць рэжым кіравання? Чым сітуацыя адрозніваецца, а чым падобная да цяперашняй? Глядзіце ў выданні праграмы «Шчыра кажучы» з Аленаю Чарняўскаю.

Пасля выбараў 2006-га палітычныя замаразкі доўжыліся каля 2 гадоў. Пасля 2010-га – удвая даўжэй. А хвалі адлігі – спачатку тры гады, а потым ажно шэсць. Даўжыня цыклаў з кожным разам падвойвалася. Калі меркаваць паводле гэтай логікі, бліжэйшая палітычная адліга нас чакае яшчэ гадоў праз 6. А вось эканамічны чыннік грае на карысць хутчэйшага пацяплення.  Яно пачыналася тады, калі ВУП Беларусі ў доларах дасягаў лакальнага піку і пачынаў падаць. Сапраўдныя сектаральныя санкцыі супраць цэлых галінаў прамысловасці Захад увёў толькі пасля пасадкі самалёта з Пратасевічам і крызісу з мігрантамі.

Меркаванні
Намёк на дыялог з Лукашэнкам, ці гульня надалей. Калі чакаць амністыю палітвязняў?
2022.09.18 16:09

Аднак, паводле эканаміста Яраслава Раманчука, санкцыі папярэднімі гадамі былі больш сімвалічныя, псіхалагічныя. Яны наагул не паўплывалі на эканоміку. І іх лёгка абыходзілі.

«Адзіная санкцыя, якая пачала вось так драматычна змяняць сітуацыю, – адмова Літвы ад экспарту ўгнаенняў праз сваю тэрыторыю. А потым ужо пайшло іншае. Ну, нафтапрадукты таксама. Да гэтага гналі і гналі. Сёння проста лагістычна гэта складана зрабіць», – мяркуе Яраслаў Раманчук.

Пасля некалькіх папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў Беларусь вяла перамовы з МВФ наконт вылучэння стабілізацыйных крэдытаў. Гэта нязручна рабіць, калі ў турмах сядзяць палітычныя вязні. У выніку $ 3 мільярды Беларусі далі толькі ў 2009 годзе. У 2010-м і 2015-м дамовіцца так і не ўдалося, і Лукашэнка проста махнуў на гэта рукой. А гэты чыннік не на карысць блізкай адлігі.

Акрамя вышэй пералічаных фактараў, аўтары праграмы заўважылі: рэпрэсіям заўсёды спрыяў эканамічны пад’ём у краіне, а пацяпленню – замежнагандлёвы крызіс. Напрыклад, даходы Беларусі значна залежаць ад гандлю нафтапрадуктамі. А цэны на нафту падалі з 2008-га да 2009-га, а потым з 2013-га да 2016-га. У 2013 годзе ўпалі цэны на калійныя ўгнаенні, а «Беларуськалій» дзяліў рынак з расейскім «Уралкаліем». Цяпер гэтыя чыннікі таксама актуальныя – гэтыя галіны пад санкцыямі. Плюс згубілі рынак Украіны, на які прыходзілася 14 % нашага экспарту.

Яшчэ адна заканамернасць: да пацяплення стасункаў з Захадам заўсёды прыводзіў эканамічны ціск Расеі. Напрыклад, падчас адлігі 2008 года Расея ўвяла дадатковае мыта на вываз нафты ў Беларусь. І Беларусь страціла 85 % мытных сродкаў, атрыманых ад свайго экспарту нафтапрадуктаў. Таксама з 2007-га Расея запатрабавала, каб Беларусь набывала газ не паводле ўнутрырасейскіх коштаў, а паводле рынкавых.

У 2011–2012 гадах Расея працягвала ціснуць коштамі на газ і вымушала прадаць ёй «Белтрансгаз». У 2015-м пачаліся новыя газавыя спрэчкі. Беларусь так і не атрымала ўнутрырасейскіх цэнаў на газ і палічыла, што пераплачвае, бо кошты на яго ў свеце моцна ўпалі. Цяпер гэты чыннік працуе, хутчэй, супраць адлігі, бо ўпершыню паміж Беларуссю і Расеяй не вядзецца ніводнай эканамічнай вайны – ні газавай, ні нафтавай, ні малочнай.

Дарэчы, сапраўдныя войны, якія Расея вяла супраць Грузіі ды Украіны ў мінулым, таксама падштурхоўвалі Лукашэнку да лібералізацыі. Яны якраз прыпадалі на паслявыбарчыя перыяды – 2008-ы і 2014-ы.

У сітуацыі, калі расейскія войскі спакойна застаюцца на тэрыторыі Беларусі, выклікае вялікі сумнеў, што Аляксандр Лукашэнка яшчэ наагул мае магчымасць самастойна прыняць рашэнне адносна свайго палітычнага курсу. А пачынаць з ім дыялог для любога еўрапейскага лідара – вялікая палітычная рызыка.

На думку палітолага Андрэя Казакевіча, у адрозненне ад сітуацыяў 2008-га і 2014-га, адзінаю перадумоваю для пачатку такога дыялогу мусіць быць абмежаванне ўладаў Беларусі ўдзелу ў расейскай агрэсіі або падтрымання яе вонкавапалітычнай лініі.

Відавочна, што гэта цяпер складана зрабіць гэтак, каб не выклікаць абурэння Расеі. І галоўны чыннік супраць такога ўчынку – Лукашэнка больш не адчувае сябе ў бяспецы.

«Няма адчування, што за табою большасць ці што гэтая большасць не ўстойлівая. Адпаведна, любая лібералізацыя ў такой сітуацыі можа значыць новы віток палітычнага крызісу, і яна, відавочна, вельмі рызыкоўная», – тлумачыць Андрэй Казакевіч.

Запаволіць лібералізацыю можа і незадаволенасць сілавікоў масавымі амністыямі, што анансаваў Лукашэнка. А з імі кіраўнік Беларусі мусіць лічыцца.

«Яны ж разумеюць, што нельга адпускаць палітзняволеных, бо атрымаецца, што нехта не меў рацыі. Некаторыя сілавікі сапраўды думаюць, што гэта былі нейкія там адэпты Захаду і купленыя лялькаводы, якія хацелі краіну ўзбаламуціць, і хтосьці ж за гэта зорачкі атрымаў», – мяркуе палітолаг Дзмітрый Балкунец.

Такая арыфметыка атрымліваецца не на карысць палітычнай адлігі. Падобна, што для апанентаў дзейнай улады ёсць большая імавернасць дачакацца шанцу змяніць гэтую ўладу, чымся таго, каб яна сама пачала лібералізацыю. Хаця, некаторыя адмыслоўцы мяркуюць, што Аляксандр Лукашэнка можа пайсці на лібералізацыю і замірэнне з Захадам, нягледзячы на ўсе ўнутрыпалітычныя рызыкі. Але гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі пагроза для ягонай улады з боку Масквы стане больш беспасярэдняя, чымся ад беларускіх пратэстоўцаў.

belsat.eu