«Каб выйсці на волю, трэба стаць Васкрасенскім»


Для развязання пытанняў з рэжымам трэба спачатку правесці яднанне грамадзянскай нацыі. Лічыць Святлана Мацкевіч. Дзеля вызвалення палітычных вязняў, трэба пазбавіць рэжым падтрымання расейскага войска. Лічыць Міхаіл Кірылюк. Хто з іх мае рацыю?

Тэма «Двубою» з Віталём Цыганковым – ці магчымае і патрэбнае нацыянальнае прымірэнне, дыялог грамадства з рэжымам.

Святлана Мацкевіч думае, што, акрамя перамоваў ва ўмовах існага сістэмнага крызісу ў Беларусі, іншага інструменту для вызвалення палітычных вязняў сёння няма. Пры гэтым варта пачынаць іх паступова, бо ўсіх у адно імгненне вызваліць не ўдасца. Мацкевіч спасылаецца заключную прамову ў судзе Алеся Бяляцкага, калі ён заклікаў пачаць нацыянальны дыялог паміж рэжымам Лукашэнкі і дэмакратычным рухам, каб уратаваць Беларусь.

Міхаіл Кірылюк думае, што ніякія перамовы з рэжымам немагчымыя, бо Лукашэнка не выконвае сваіх абяцанняў:

«А як Лукашэнка можа гарантаваць выкананне нейкіх абяцанняў, калі мы бачым, што цяпер тэрыторыю Беларусі займае расейскае войска? Дзе гарантыі, што пасля таго, як рэжым атрымае тое, што хоча ад нас, ён выканае тое, што неабходна нам? У нас няма інструменту цяпер гэта гарантаваць».

Святлана Мацкевіч адзначае патрэбу ў аб’яднанні найперш дэмакратычных сілаў для ўзмацнення ўласных пазіцыяў на перамовах. Менавіта гэта павінна стацца першым этапам на шляху вызвалення палітзняволеных:

«Я асабіста не адчуваю сябе спакойна, разумеючы, што мой былы сужэнец – у турме, мае сябры – у турме».

Але ці прынясе плён нават аб’яднанне дэмакратычных сілаў у пытанні палітзняволеных і дакладнага сігналу рэжыму Лукашэнкі? Ці ўсё ж варта найперш сканцэнтравацца на тым, каб дапамагаць Украіне перамагчы Расею і толькі пасля развязаць пытанне палітзняволеных? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Госці праграмы:

Святлана Мацкевіч, сябра Каардынацыйнай рады, эксперт у галіне адукацыі

Міхаіл Кірылюк, прававы дарадца Народнага антыкрызіснага кіравання

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube

Калаж з фота: Белсат; БелТА; LRT