Пра што Захад перамаўляецца з Лукашэнкам?


Як Лукашэнку ўспрымаюць на Захадзе? Ён усцяж суб’ект палітыкі? Ці ёсць сэнс да яго звяртацца ў нейкіх пытаннях?

Лукашэнка ўсцяж кантралюе сітуацыю ў краіне, яму падпарадкоўваецца войска і сілавыя структуры. Таму ў пытаннях унутранай палітыкі Беларусі Захад звяртаўся да яго і будзе звяртацца, мяркуе госця студыі ток-шоу «План: Б», запрошаная работніца «Atlantic Council» Ганна Любакова.

«Мы ведаем, мы чулі ад дыпламатаў – гэта публічная інфармацыя, – што частка з іх размаўляла з прадстаўнікамі рэжыму, хтосьці тэлефанаваў таксама ў 2020 годзе Лукашэнку непасрэдна, ці ў 2021-м. Гэта было ў сувязі з мігрантамі, міграцыйным крызісам. Таму некаторыя пытанні Лукашэнка, безумоўна, вырашае», – зазначае Ганна Любакова.

Што да пытанняў вонкавай палітыкі – прысутнасць расейскіх войскаў, ядравай зброі ў Беларусі, – тут Захад разумее, што Лукашэнка не мае ніякага кантролю, або мае толькі частковы.

«І тут ужо размаўляць з ім Захад у гэтых пытаннях не будзе. Знікае ўспрыманне Лукашэнкі як суб’екту, бо ён стаўся залежным у гэтых пытаннях ад Расеі», – упэўненая Ганна Любакова.

Вадзім Валавы, старэйшы эксперт літоўскага Цэнтру геапалітычных даследаванняў, думае, што Захад мае катэгарычную пазіцыю адносна Беларусі, скіраваную перадусім на ізаляцыю Расеі, бо часцяком Беларусь ідзе ў адной звязцы з Расеяй: напрыклад, у пытанні ўводу санкцыяў. Але ў сваёй палітыцы Захад заўсёды вельмі прагматычны. Калі паўстануць нейкія пытанні, ён заўсёды скантактуецца з Лукашэнкам.

«Хай ён не захоча гэта афішаваць, аднак ён заўсёды мае на ўвазе тую фактычную сітуацыю, якая ёсць», – упэўнены адмыслоўца.

Якая імавернасць таго, што беларускім дэмакратычным сілам удасца цалкам ізаляваць рэжым Лукашэнкі на міжнароднай арэне? Якія плюсы і мінусы адкрыцця Захадам бязвізу для беларусаў? У чым пасткі прызнання Беларусі акупаванаю тэрыторыяй? Абмеркаванне гэтых ды іншых пытанняў глядзіце ў ток-шоу «План: Б» са Змітром Міцкевічам і Вольгаю Старасцінай.

Глядзіце ток-шоу «План: Б» на YouTube-канале «Белсат News», у праграме «Belsat Smart» для тэлевізараў с функцыяй«Smart», на мабільных прыладах з сістэмамі iOS и «Android», a таксама ў эфиры «Белсата».

belsat.eu