Як зрабіць бомбу на Астравецкай АЭС?


Яна спыніла Другую сусветную вайну. Яна не дазволіла разгарэцца новай сусветнай вайне і нарадзіла халодную вайну. Яна магла і дагэтуль можа знішчыць свет. Cёння мы пакажам, наколькі блізкая Беларусь да ўласнай атамнай бомбы, і чаму гэта небяспечна.

Не варта думаць, што ядравая вайна – дзесьці далёка. У Беларусі і Расеі толькі што скончыліся супольныя стратэгічныя вучэнні «Захад-21», які праходзяць кожныя 4 гады, і звычайна заканчваюцца вучэбным ядравым ударам па сілах калектыўнага Захаду. На шчасце, на вучэннях у ракетах і бомбах няма сапраўднай зброі масавага знішчэння.

«Выкарыстанне такой зброі – гэта апошні крок, за якім ідзе татальнае вынішчэнне ўсіх. Таму яна вельмі небяспечная, і з гэтай прычыны міжнародная супольнасць прымае захады дзеля нераспаўсюджання гэтай зброі», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Вучэбны апакаліпсіс падчас манеўраў «Захад» звычайна адпрацоўваюць расейскія РВСН – ракетныя войскі стратэгічнага прызначэння, або стратэгічныя бамбавікі Ту-22М3. У Беларусі ядравай зброі няма ўжо чвэрць стагоддзя.

«І з Беларусі, і з Украіны, і з Казахстану ядравая зброя была вывезеная ў Расейскую Федэрацыю. І Амерыка якраз так і хацела, узяць у адных руках», – нагадвае Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га склікання.

Пасля распаду Савецкага Саюзу Злучаныя Штаты спадзяваліся на дэмакратычныя рэформы ў Расеі, ды не хацелі, каб ядравая зброя распаўзалася па свеце. Таму аплацілі вываз арсеналу да расейцаў. Беларусь сама абвесціла сябе бязʼядравай зонай яшчэ ў Дэкларацыі аб суверэнітэце 1990-га года, ды падпісала Будапешцкі мемарандум з Расеяй, ЗША і Вялікай Брытаніяй пра гарантыі бяспекі ў абмен на няядравы статус. Такія ж дамовы падпісалі Казахстан і Украіна.

«Атрымаўся сітуацыйны саюз ЗША і Расеі ў гэтай сітуацыі, і абедзве краіны не хацелі зʼяўлення новага чальца ядравага клубу, сусветнага ядравага клубу. Таму на Украіну ціснулі з усіх бакоў, каб мы аддалі ядравую зброю. Асабліва стратэгічную ядравую зброю – гэта 43-я ракетная армія, якая дыслакавалася на тэрыторыі Украіны ў складзе дзвюх дывізіяў», – распавядае вайсковы эксперт Алег Жданаў, які раней працаваў у аператыўным упраўленні Генштабу Ўзброеных сілаў Украіны.

У БССР ракетныя дывізіі трымаліся на баявым дзяжурстве перадусім на межах з Польшчай, Літвой і Латвіяй, а таксама пад Полацкам, Слуцкам, Мазыром і Рэчыцай. Гэта былі і шахты, і мабільныя ракетныя комплексы. Але нават пасля распаду Саюзу кантроль над войскамі і «чырвоным гузікам» заставаўся ў Маскве.

«Ядравая кнопка была ў Ельцына. Ядравая кнопка была ў прэзідэнта Расеі. У Шушкевіча ў кабінеце стаяў тэлефон пад празрыстым чахлом. Лічылася, што Ельцын не прыменіць гэтую зброю, не параіўшыся з Шушкевічам», – распавядае Сяргей Навумчык.

Вядома ж, гэта было няпраўдай. Па Беларусі ездзіла 81 пускавая ўстаноўка «Топаль» на баявым узводзе, і кожная магла знішчыць такі горад, як Менск, прыгадваў першы кіраўнік незалежнай Беларусі, спікер Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч у 2010-м: «Уявіце сабе, на тэрыторыі Беларусі ёсць такая зброя, яна ездзіць па паверхні Беларусі, яна не схаваная недзе. Што гэта азначае? Гэта азначала, што Беларусь – закладніца ядравай зброі. Гэта значыць, існуе пагроза знішчэння Беларусі падчас канфлікту».

Шмат для каго з беларусаў пасля чарнобыльскай катастрофы пазбавіцца ад радыеактыўных боегаловак было палёгкай.

«Вось і ўсё, апошняя расейская ядравая ракета пакідае тэрыторыю Беларусі. З гэтага часу будзем жыць без ядравай пагрозы, але і без ядравага парасона», – распавядаў журналіст дзяржаўнага тэлебачання ў 1996-м.

Пасля савецкіх атамных базаў у Беларусі засталіся бункеры і забруджаная радыяцыяй зямля.

Вось гэта вёска Паўлаўка Слуцкага раёну. Тут базаваліся мабільныя ракетныя комплексы «Піянер» – згодна з натаўскай класіфікацыяй, «SS-20». Пасля вываду войскаў на базе часткі тут пабудавалі Лячэбна-працоўны прафілакторый № 3, дзе міліцыя ізалявала алкаголікаў.

А ў 2020-м пасля масавых пратэстаў тэрмінова пабудавалі сапраўдны канцэнтрацыйны лагер для пратэстоўцаў. Хоць ужываць яго напоўніцу не сталі, калі выступы супраць фальсіфікацыі выбараў перараслі ў вялізныя пратэсты супраць міліцэйскага садызму. Пакінулі на потым.

Але вернемся ў 1990-я, калі ў Расею вывезлі ўвесь ядравы арсенал з Беларусі, Казахстану і Украіны.

«У нас былі ўсе тыпы ўзбраенняў, ад тактычных – гэта артылерыйскія снарады, заканчваючы галаўнымі часткамі да ракетаў СС-18, СС-24, якія былі на ўзбраенні гэтых дзвюх дывізіяў», – прыгадвае Алег Жданаў.

Ці варта было аддаваць ядравую зброю? Пасля анексіі Крыму і нападу на Данецк і Луганск меркаванні ўкраінцаў на гэты конт моцна адрозніваюцца.

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева пра аддадзеную Расеі ядравую зброю: «Думаю, што добра зрабілі, бо няма грошай на ўтрыманне ядравай зброі».

«Мы не маглі яе ўтрымліваць, там былі аргументы. Але тыя міжнародныя гарантыі бяспекі, якія нам далі ў Будапэшце, аказаліся нядзейнымі».

«Была падпісаная папера, што нас будзе хтосьці абараняць. А цяпер ніхто не хоча».

«Нашая ядравая зброя на той момант ніяк не магла быць абароненай, захоўвацца ў нармальных умовах. І ўвогуле, вытворчыя магутнасці для вытворчасці ядравай зброі, для падтрымання яе зберагання ва Украіне на той момант адсутнічалі».

«Гэта фактар стрымлівання, ядравая зброя. Нават калі б мы не маглі страляць па іх, сама ядравая зброя – фактар стрымлівання».

Чалавецтва ўжыло ядравую зброю ў баявых дзеяннях усяго два разы – і гэта было жахліва. У 1945-м годзе Злучаныя Штаты разбамбілі японскія гарады Хірасіму і Нагасакі. Агулам загінула больш за 200 тысяч чалавек, і вайскоўцаў, і цывільных. Ядравы жах спыніў Японію ад працягу баявых дзеянняў. А пасля вайны саюзнікі ЗША і СССР ніколі не ваявалі між сабой адкрыта.

За час халоднай вайны Савецкі Саюз і Злучаныя Штаты накляпалі столькі ядравай зброі, што яе хапіла для стварэння ядравай трыяды. Гэта стратэгічныя наступальныя сілы, дзе атамныя бомбы падзеленыя між авіяцыяй, ракетаноснымі субмарынамі і балістычнымі ракетамі наземнага базавання – і ў шахтах, і на цягачах. Сэнс падзелу такі, што нават у выпадку знішчэння двух складнікаў трыяды той, хто ацалее, зможа знішчыць праціўніка на яго тэрыторыі або нанесці непрымальную шкоду. Сёння такі маштаб узбраенняў для татальнага знішчэння маюць толькі ЗША і Расея.

Да распаду Савецкага Саюзу і амерыканскія, і беларускія школьнікі ў межах школьнай праграмы абавязкова вучыліся, што рабіць у выпадку ядравага выбуху. У Еўропе і Амерыцы ў гарадах будавалі вялізныя бамбасховішчы для насельніцтва, а на вайсковых базах – бункеры для камандавання. У розныя моманты халоднай вайны свет быў на парозе ўзаемнага татальнага знішчэння. Нават у Новай Зеландыі людзі думалі, што рабіць падчас атамнай вайны.

Выраслі і колькасць, і моц ядравых зарадаў – атамных, тэрмаядравых, з узмацненнем…

«Што самае страшнае – на сёння няма тэхналогіяў утылізацыі ядравага зараду. У ніводнай краіне свету», – кажа Алег Жданаў.

Але адкуль бяруцца тыя ядравыя зарады? Як іх можна зрабіць?

«Патрэбны ўран і фабрыка ягонага ўзбагачэння. У прыватнасці, тэхналогія цэнтрыфуг для ўзбагачэння ўрану. Далей – справа тэхнікі для збору механізму выбуховай прылады», – тлумачыць украінскі эксперт.

Радыеактыўныя элементы – дастаткова складаная тэма. Але прынцып рэакцыі спрошчана можна апісаць вось так: ядро ізатопу ўрану – Уран-235 – дзеліцца і вылучае з сябе нейтроны. Калі нейтрон трапляе ў суседнія ядры Урану-235, тое таксама дзеліцца, і вылучае свае нейтроны, якія бамбардуюць суседнія атамы. Так запускаецца ланцуговая ядравая рэакцыя, падчас якой вылучаецца шмат цеплыні і радыяцыі. На атамнай станцыі гэты працэс рэгулююць, зводзячы-разводзячы паліўныя элементы, а цеплыню адводзяць вадой, якая пад ціскам круціць турбіны. А ў атамнай бомбе ядравая рэакцыя адбываецца імгненна, лавінападобна, радыеактыўны элемент згарае сам і спальвае ўсё навокал.

Аднак у ядравым паліве ўтрымліваецца не толькі ізатоп Уран-235, які дзеліцца, але і Уран-238, які падчас ядравай рэакцыі ператвараецца ў плутоній – у любым атамным рэактары.

«Не важнае значэнне рэактару, ці гэта даследчы рэактар, ці рэактар атамнай станцыі – плутоній там, дзе знаходзіцца ў паліве Уран-238, плутоній там назапашваецца абавязкова. І прызначэнне плутонію – быць начынкай для ядравых выбуховых прыстасаванняў», – тлумачыць расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Атамныя станцыі і атамныя бомбы звязаныя неразрыўна. Напрыклад, першую атамную электрастанцыю ў гісторыі адкрыла ў 1956-м брытанская каралева Элізабэт – і толькі ў 1990-я брытанскі ўрад прызнаў, што ствараў там брытанскую бомбу.

«Мы ведаем, што нават спецыяльна была створаная арганізацыя – Міжнароднае агенцтва ядравай энергіі, якое мусіла перадухіліць распаўзанне ядравай зброі, і гэтую місію МАГАТЭ праваліла з трэскам. Такія краіны, як Індыя, Пакістан, Паўночная Карэя, стварылі ядравую зброю ў абыход МАГАТЭ», – прыгадвае Андрэй Ажароўскі.

«МАГАТЭ зладзіла 156 камісіяў у Паўднёвую Афрыку. І гэтыя 156 камісіяў недагледзелі, што ПАР у перыяд апартэіду вырабіла атамную бомбу», – нагадваў чалец-карэспандэнт Расейскай Акадэміі Навук Аляксей Яблакаў у інтэрвью «Белсату» у 2016-м.

Некаторыя дзяржавы падпісвалі дамовы аб нераспаўсюджанні ядравай зброі, менавіта каб атрымаць свабодны доступ да тэхналогіяў. А вытворчасць ядравай зброі – уранавых ці плутоніевых бомбаў – маскіравалі або пад АЭС, або пад даследчыя рэактары.

Гэтак, румынскі дыктатар Нікалае Чаўшэску ледзь не атрымаў уласную ядравую зброю якраз перад самай рэвалюцыяй, якая зрынула яго ў 1989-м годзе.

Іракскі дыктатар Садам Хусэйн атрымаў ад МАГАТЭ ядравыя тэхналогіі – і ягоную ядравую праграму, замаскіраваную пад «мірны атам», канчаткова спыніла толькі амерыканская аперацыя «Бура ў пустыні» у 1991-м.

І ўранавыя, і плутоніевыя бомбы ў абыход абмежаванняў ствараў лівійскі дыктатар МуАмар Кадафі. Уранавае паліва, сярод іншага, Кадафі купляў у КНДР праз Пакістан. Для дыктатараў ядравая зброя – гарантыя, што ніхто не будзе ім замінаць чыніць рэпрэсіі ажно да генацыду.

«Яны думаюць, што калі ў нас ёсць такая зброя, то нас ніхто не будзе чапаць з міжнароднай супольнасці. І, вядома, гэта можа выкарыстоўвацца і як сродак шантажу», – падсумоўвае аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Расейскі біёлаг Аляксей Яблакаў яшчэ да пабудовы звяртаў увагу на падазронасць праекту Астравецкай АЭС. Бо калі кіраўнікі дзяржаваў будуюць атамную станцыю з сумнеўнай прыбытковасцю, то матывы могуць быць перш за ўсё палітычныя.

«Я не выключаю, што ў кіраўніцтва Беларусі таксама ёсць нейкія дальнія планы шантажавання», – казаў Аляксей Яблакаў у 2016-м.

Прыстойныя краіны не робяць збройнага плутонію на АЭС, бо яны маюць спецыялізаваныя рэактары ваеннага прызначэння, тлумачыць Андрэй Ажароўскі: «Непрыстойныя краіны, у клуб якіх хоча, падобна, уступіць Беларусь, у прынцыпе могуць выкарыстоўваць рэактарны плутоній для стварэння ядравых выбуховых прыстасаванняў. Эфектыўнасць такога прыстасавання будзе не такая высокая, як на спецыялізаваным плутоніі, які атрымліваюць на спецыялізаваных ядравых рэактарах вайскоўцаў. Але гэта будзе поўнапрофільная ядравая бомба».

Аляксандр Лукашэнка ў 2010-м годзе заяўляў, што Станіслаў Шушкевіч і Вярхоўны Савет зрабілі моцную памылку, вывеўшы ядравую зброю ў Расею на тых умовах. А калі б цяпер у Беларусі былі гэтыя бомбы, цяпер бы з намі іначай размаўлялі. Лукашэнка не раз казаў, што ядравая зброя гэта кепска. Але…

«Ну, калі ты адчуваеш, што супраць цябе адбываецца жахлівая агрэсія, і гэта пагражае знішчэннем тваёй дзяржавы, то ядравая дзяржава можа ўжыць ядравую зброю», – заяўляў Лукашэнка ў 2017-м.

«Гістарычны момант! Беларусь стала ядравай дзяржавай!», – радаваўся Лукашэнка ў 2020-м, запускаючы атамную электрастанцыю.

І цяпер на Астравецкай АЭС адбываюцца падазроныя рэчы – яна з ліпеня адключаная ад сеткі.

«У Беларусі гэтае пазапланавае прыпыненне адзінага энергаблока атамнай станцыі адбылося ў зручны час, як кажуць ядравікі, плутоній саспеў. І калі там цяпер адбываецца выманне плутонію з адпрацаванага ядравага паліва, гэта можа, на жаль, прывесці да таго, што Беларусь стане ядравай дзяржавай», – кажа Андрэй Ажароўскі.

Яшчэ адзін трывожны сігнал – улады Беларусі прапанавалі супрацу ў атамнай энергетыцы Пакістану. А Пакістан не толькі нарошчвае ўласны ядравы арсенал, але зноўку атрымлівае абвінавачванні ў кантрабандзе ядравых тэхналогіяў ваеннага прызначэння.

Таксама ў ліпені Лукашэнка загадаў стварыць адмысловы дэпартамент для збору і перапрацоўвання ядравых адкідаў, бо як пабудуюць другі энергаблок атамнай станцыі, іх зробіцца яшчэ больш. І захоўваць іх будуць у Беларусі.

«Утылізацыя і захоўванне радыеактыўных адкідаў – новая абсалютна тэма… яны ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі крыніцаў іанізаванага выпраменьвання, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў навуцы, медыцыне, прамысловасці і абаронным комплексе», – так Лукашэнка даваў устаноўку чальцам ураду 22 ліпеня 2021.

А менавіта з ядравых адкідаў атрымліваюцца матэрыялы падвойнага прызначэння, у тым ліку сыравіна для збройнага плутонію.

А што думаюць нашыя суседзі пра патэнцыйна магчымае стварэнне ядравай бомбы ў Беларусі?

Вось што кажуць жыхары і госці Кіева пра магчымую ядравую бомбу Лукашэнкі: «На фоне апошніх падзеяў, якія адбываюцца між Расеяй і Беларуссю патэнцыйна ёсць магчымасць, што з боку Беларусі будзе агрэсія на частку Украіны».

«Я не лічу, што Беларусь можа пагражаць нам».

«На сёння ў Лукашэнку я цалкам расчараваная, бо гэта монстр Лукашэнка, ён у звязцы з Пуціным, і яны вядуць нейкія схаваныя гульні, пра якія мы здагадваемся, і магчыма, будзе напад».

«Улада Лукашэнкі цяпер абсалютна некантраляваная, яна цяпер у стане загнанага звера. Паколькі выбары ў Беларусі нелегітымныя і не прызнаныя сусветнай супольнасцю, у Лукашэнкі ёсць карт-бланш на ўчынкі, якія акажуцца па-за міжнародным правам».

«Лукашэнка зусім неадэкват».

Пасля ўвядзення санкцыяў Лукашэнка пагражаў Еўразвязу хвалямі нелегальнай міграцыі і кантрабандай ядравых матэрыялаў. Масавая міграцыя ўжо арганізаваная.

«Рэжым цяпер дэманструе, што пойдзе літаральна на любыя крокі, працягваць гібрыдныя атакі на Захад, каб знялі санкцыі і пачалі з ім дамаўляцца, нягледзячы на ўсю сітуацыю ўнутры Беларусі», – падсумоўвае Андрэй Ягораў.

Звычайна эксперты МАГАТЭ кантралююць рэактары праверкамі і дыстанцыйна.

«То бок там стаяць нейкія відэакамеры, якія паказваюць, што нелегальна, без дазволу, не дастаецца адпрацаванае ядравае паліва, у якім ёсць плутоній. Ці можна гэта падмануць? Можна. Што за гэтым будзе? Санкцыі», – тлумачыць расейскі фізік-ядравік Андрэй Ажароўскі.

Але санкцыі не спынілі Паўночную Карэю ці Іран ад працы над ракетна-ядравай праграмай, толькі прымусілі гэтыя таталітарныя рэжымы шукаць шляхі абыходу абмежаванняў ці яшчэ больш маскіраваць сакрэтныя праекты.

Нягледзячы на ўскосныя прыкметы, дакладнага сведчання, што ўлады Беларусі ствараюць атамную бомбу, пакуль няма. І хай бы так і заставалася, ядравая зброя занадта дарагая й небяспечная, каб трапляць у рукі безадказных недэмакратычных рэжымаў. Аднак сама логіка развіцця дыктатуры азначае няспынны рост ставак і нарастанне канфлікту з дэмакратычным светам. Таму цалкам ігнараваць ядравую небяспеку нельга.

Калаж з фота: скрыншот @Little Big / president.gov.by