Міліцыянт збіў дзіця на вачах маці


11 жніўня 2020 года пасля сустрэчы з дзяўчынаю 16-гадовы Арсеній не вярнуўся дадому. Хлопца затрымалі на вуліцы міліцыянты, жорстка збілі. Як бацькі Арсенія спрабуюць прыцягнуць да адказнасці тых, хто скалечыў сына, высвятляем у праграме «Беларускі свет».

Арсеній патэлефанаваў маці з міліцыі познім вечарам. Сувязь была кепская.

«Я на босую нагу абула красоўкі, пабегла на плошчу. (…) Я прыбегла ў РАУС, ён быў ачэплены, мяне пусцілі. Сына пабачыла на трэцім паверсе, зразумела адразу, што ён збіты. Прашу ў інспектара: «Выклікайце хуткую». Мне сказалі, што хуткая ў РАУС не паедзе», – узгадвае на слязьмі Юлія Чорных, маці Арсенія.

Інспектарка ў справах няпоўнагадовых запрапанавала: правесці прафілактычную размову і адпусціць дадому. Але маці Арсенія, убачыўшы стан сына, напісала заяву аб незаконным затрыманні і збіцці хлопца.

«З кабінету выскачыў участковы і пры мне пачаў збіваць дзіця. Ён схапіў яго за плечы і шпурнуў аб сцяну. Той і так ледзь стаіць на нагах, пачаў выварочваць яму шыю. Мы пайшлі з ім дадому. Калі ён ператупіў парог дому, адразу званітавала», – расказвае маці.

У Арсенія дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, кісту лобнай часткі галавы і боязь святла ды шуму, сталыя галаўныя болі.

Сям’я Юліі праз крымінальны пераслед вымушаная была пакінуць краіну. Цяпер плануе падаць заяву ў Нямеччыне, каб Лукашэнку прызналі тэрарыстам.

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Помста за смерць Рамана Бандарэнкі;
  • як гераіня праграмы сутыкнулася з сексізмам сярод сілавікоў;
  • новае жыццё за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад роднага гораду.

Праграма «Беларускі свет» выходзіць на «Белсаце» ў аўторкі а 18:50. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн і ў архіве на нашай старонцы.

Belsat.eu