Хто знішчае помнікі беларускім ваярам у Кіеве?


Зніклы ў 2021 годзе з кіеўскай вуліцы Грушэўскага помнік беларускаму герою Нябеснай сотні Міхасю Жызнеўскаму знайшлі ў лесапаласе. Падрабязней у праграме «Беларускі свет»:

Валанцёрам паведамілі пра яго жыхары Кіева. Знайшоўся мемарыял у кустах, за некалькі сотняў метраў ад месца, дзе яго ўсталявалі. Помнік спакавалі, каб перавезці, і да гэтага часу яму так і не знайшлі месца.

Яшчэ адзін памятны знак беларусам, якія загінулі за Украіну, адкрылі ў 2016 годзе ў Кіеве на вуліцы Беларускай. Ім ушанавалі Міхася Жызнеўскага, байцоў тактычнай групы «Беларусь» Алеся Чаркашына і Віталя Ціліжэнку. Пра пашкоджанне мемарыялу стала вядома 30 верасня 2023 года з сацыяльных сетак. З помніку былі прыбраныя надпісы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь», герб Пагоня ды сцягі Беларусі і Украіны. Дзякуючы актывістам фонду «Валошка» мемарыял удалася аднавіць, але не цалкам.

Што адбываецца з мемарыяламі загінулым беларусам ва Украіне, апавядае кіраўніца дабрачыннага фонду «Валошка» Анжэла Душаева.

«Нашая арганізацыя напісала ў СБУ, на імя Клічко, на імя Кіеўскай рады, у пракуратуру, у паліцыю. Адказаў нам ніякіх не прыйшло. А цяпер такая сітуацыя: шмат хто з украінцаў бегае, не хоча ісці ваяваць – а беларусы праз тры мяжы прыязджаюць сюды, ваююць і гінуць за Украіну. Дык яшчэ і памяць нішчыцца».

Таксама ў праграме «Беларускі свет»:

  • Калі вандраваць, дык у Партугаліі
  • Якім быў славуты беларускі гісторык Юры Туронак

belsat.eu