Васіль Купрэвіч. Беларускі геній, якім захапляліся Кубрык і Пікуль


Васіль Купрэвіч – марак, удзельнік Першай сусветнай вайны, рэвалюцыі і блакады Ленінграду. Пікуль зрабіў яго героем раману «Маанзунд». Найперш жа ён знакаміты навуковец, які шукаў лекі супраць смерці і якога цытаваў рэжысёр Стэнлі Кубрык.

Васіль Купрэвіч нарадзіўся ў 1897 годзе і паходзіў з вёскі Кальнікі (сёння – Смалявіцкі раён Менскай вобласці). Ягоны бацька працаваў лесніком у маёнтку графа Любеньскага каля Воршы, дзе сам Васіль пасвіў кароў, вывучаў раслінны свет роднага краю і марыў пра мора. І ў 1913 годзе ягоная мара споўнілася: Купрэвіч трапіў у школу юнгаў, а з пачаткам Першай сусветнай вайны стаўся артылерыстам на эскадраным мінаносцы «Самсон», змагаўся ў шэрагу бітваў, у тым ліку ў абароне Маанзундскага архіпелагу.

Пасля вайны Купрэвіч вярнуўся на радзіму, каб вучыць дзяцей і займацца навукай. Ён зацікавіўся грыбамі. У 1938 годзе, ратуючыся ад сталінскіх рэпрэсіяў, навуковец перабраўся ў Ленінград, дзе падчас Другой сусветнай вайны ратаваў расліны Батанічнага саду. На момант, калі ён пакідаў блакадны Ленінград, мужчына важыў 48 кг пры росце 190 см.

У 1952 годзе Васіль Купрэвіч узначаліў Акадэмію навук БССР і дзякуючы выдатным адміністрацыйным здольнасцям ператварыў яе ў адну з найлепшых ува ўсім СССР. Менавіта дзякуючы яму ў Соснах каля Менску з’явіўся ядравы рэактар, а сам ён займаўся новай навукай – геранталогіяй, сцвярджаў, што «смерць – гэта як хвароба, як грыбок, які можна пры пэўных абставінах вылечыць». У 1968 годзе даследаванні Купрэвіча нават згадаў амерыканскі рэжысёр Стэнлі Кубрык, стваральнік фільму «Касмічная Адысея 2001».

«Усім сваім жыццём гэты навуковец паказваў, што такое быць смелым – і ў жыцці, і ў навуцы. Як ставіць амбітныя мэты і як дасягаць іх, нават нягледзячы на тое, што часам гэтыя мэты – за гарызонтам», – распавядае пра Васіля Купрэвіча вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons