«Хутка Дзень Волі настане ў рэчаіснасці!» Украіна віншуе беларусаў з 25 Сакавіка


Беларускія добраахвотнікі віншуюць беларусаў з Днём Волі! Яны запэўніваюць: хутка гэты дзень сапраўды настане, і Беларусь зробіцца свабоднаю краінаю. Таксама беларусаў віншуюць украінцы і добраахвотнікі з розных краінаў свету.

Павіншаваць беларусаў з іхным галоўным святам вырашылі ваяры Другога інтэрнацыянальнага легіёну абароны Украіны. У складзе легіёну ваююць добраахвотнікі з розных краінаў свету, але большая іх частка – з Беларусі і Грузіі.

«Я вельмі перажываю за Беларусь, паважаю беларусаў і Беларусь, – кажа грузін Гено. – І зычу, каб урэшце, як і ў сваёй краіне, каб яны аб’ядналіся, каб стварылі такую дзяржаву, якая ім патрэбная, каб не было рэпрэсіяў. Зычу ўсяго добрага – і свабоды».

Свае віншаванні перадаюць украінец з пазыўным Мех і беларус з пазыўным Сябар. Апошні ва Украіне – з 2015 года, але вельмі сумуе па роднай Беларусі і ваюе за яе вызваленне ды магчымасць вярнуцца на бацькаўшчыну.

Да віншаванняў далучылася Алена, удава беларускага добраахвотніка з пазыўным Сябро, які загінуў 26 чэрвеня 2022 года ў баі каля Лісічанску. Тады дзякуючы самаахвярнасці беларускіх жаўнераў быў сарваны наступ расейскай танкавай калоны.

«25 сакавіка мы святкуем Дзень Волі – сапраўдны Дзень Незалежнасці Беларусі, 105 гадоў БНР. На жаль, нашым дзядам не ўдалося давесці справу да канца, але ў нас цяпер ёсць неймаверны шанец давесці іхную справу да лагічнага завяршэння, – упэўненая Алена. – Каб мы ніколі не былі нейкай калоніяй нейкай імперыі, а вольнымі, годнымі краінамі, якія былі б побач. Каб былі братамі, дапамагалі адно аднаму як еўрапейскія вольныя краіны. Думаю, нам гэта ўдасца. Віншую! Слава Украіне! Жыве Беларусь! Разам да канца!»

У святочным выданні «Ваяроў» вы пабачыце віншаванні і зычэнні беларускім добраахвотнікам ад украінцаў, мінакоў з вуліцаў Кіева, віншаванне з Днём Волі ад загінулага Сябро з ягонага асабістага архіву і віншаванне ад каліноўца з пазыўным Альгерд. А таксама пачуеце пра ваенныя дачыненні і супрацу беларусаў з ваярамі іншых нацыяў.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Сухопутні війська ЗС України / Facebook