Беларуска ратуе цяжка параненых добраахвотнікаў і жаўнераў ЗСУ


Колішняя палітзняволеная, шматдзетная маці і праваабаронца Таццяна Гацура-Яворская цяпер дапамагае ратаваць жыцці цяжкапараненых украінскіх жаўнераў і беларускіх добраахвотнікаў пры дапамозе спецыяльных медычных апаратаў – VAC-сістэмаў.

Таццяна Гацура-Яворская ўзначальвала ў Беларусі цяпер ужо ліквідаванае рэжымам Лукашэнкі грамадскае аб’яднанне «Звяно».

«Так фармальна я пачала займацца праваабарончай дзейнасцю з 2006 года, калі прыйшла працаваць у Беларускі Хельсінкскі камітэт. Але несвядома я ўвесь час імкнулася да выпраўлення рэчаіснасці вакол сябе», – распавядае Таццяна.

У красавіку 2021 года яна трапіла ў СІЗА на Валадарскага.

«Калі мяне затрымалі, была спачатку ў ІЧУ, затым у СІЗА. Майго мужа і малодшага сына вымусілі з’ехаць з Беларусі. Муж у мяне грамадзянін Украіны, быў другі ператрус, пакуль я была ў СІЗА, майго мужа таксама збівалі і пагражалі. Яму сказалі, што калі ён сам добраахвотна не выедзе цягам 48 гадзінаў, ён будзе затрыманы паводле адміністратыўнага артыкулу. Паколькі я таксама ў СІЗА, дзіця забяруць у прытулак, а яго дэпартуюць пасля адміністратыўнага затрымання», – успамінае Таццяна Гацура-Яворская.

Таццянін муж, як і беларус Алесь Бяляцкі, атрымаў у складзе ўкраінскай праваабарончай арганізацыі «Цэнтр грамадзянскіх свабодаў» Нобэлеўскую прэмію міру. Сама ж Таццяна разам з беларускай дыяспарай у Італіі (арганізацыя «Supolka») і «Фондам медычнай салідарнасці Беларусі» займаецца пастаўкаю сістэмаў і расходнікаў для VAC-тэрапіі ранаў. Гэтыя апараты прызначаныя для хутчэйшага загойвання цяжкіх ранаў і нават ратуюць жаўнераў ад ампутацыяў. Пра тое, як гэта адбываецца, распавядаюць вайсковы хірург Яраслаў Гаўрыш і траўматолаг кіеўскага шпіталю Яўген.

Цяпер Таццяна збірае сродкі на расходнікі для VAC-сістэмаў і новыя апараты (спасылка на збор – тут), таму звяртаецца па дапамогу да гледачоў праграмы «Беларус беларусу».

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.