Чаму Лукашэнка запрасіў полк Каліноўскага ў Беларусь. «ПраCвет» з Сяргеем Пелясою


Аляксандр Лукашэнка запрасіў у Беларусь добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну. Маўляў, заходзьце, мы гатовыя. Чаму ён зрабіў такую дзіўную заяву? Ці сапраўды ён да гэтага гатовы? У Беларусі можа пачацца паўстанне, якое падтрымаюць з-за мяжы, – гэта рэальны сцэнар ці фантазія? Гэтыя тэмы ў праграме «ПраСвет» Сяргей Пеляса абмяркоўвае з госцем Дзмітрыем Шчыгельскім.

Ці баіцца Лукашэнка беларускіх добраахвотнікаў, якія абараняюць Украіну?

Які след на ягонай псіхіцы магла пакінуць аперацыя расейскіх вызвольных аддзелаў у Белгародскай вобласці? Інтэрв’ю з Дзмітрыем Шчыгельскім, прадстаўніком палка Каліноўскага.

Навошта Лукашэнка насамрэч паляцеў да Пуціна?

Лукашэнка сабраў тысячную аўдыторыю ў Крамлі. Не ён сам, вядома. Яму нават пляскалі ў далоні ды смяяліся з ягоных жартаў. Разам са сваймі калегамі – дыктатарамі з Расеі да Казахстану шклоўскі ўзурпатар узяў удзел у Еўразійскім эканамічным форуме. Вельмі дзіўная з’ява, бо па сутнасці Лукашэнка там наўпрост склаў справаздачу. Улічваючы ягоны фізічны стан, Пуцін яго наўрад ці торгаў бы проста так. Або Лукашэнка хоча давесці ўсім, што ён яшчэ можа, або не паехаць туды было нельга. Кажуць, што Пуцін на яго злуецца. За што, а таксама як гэта звязана з апошнімі падзеямі ў Белгародскай вобласці, дзе расейскія добраахвотніцкія сілы правялі вызвольную аперацыю, – высвятляла Надзея Бельская.

Захад не мае стратэгіі ў справе Беларусі. Як затрымаць страту незалежнасці?

Лукашэнка паступова аддае незалежнасць Беларусі пуцінскай Расеі. Што беларусы, якія мараць пра незалежную дзяржаву, могуць зрабіць, каб стрымаць гэтую катастрофу? Якім можа быць сцэнар для Беларусі, калі лукашэнкаўскі рэжым узмацняе супрацу з Расеяй, а большасць беларусаў хоча жыць у незалежнай ад усходняга суседа дэмакратычнай дзяржаве? Ці можа нам у гэтым дапамагчы Захад, які дагэтуль не мае стратэгіі ў справе Беларусі? Гэтымі пытаннямі задаліся на «Defence24 Day», найбуйнейшай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе канферэнцыі ў справе абароны, што прайшла гэтымі днямі ў Варшаве. Каманда «ПраСвету» запісала каментары Валерыя Сахашчыка і Паўла Латушкі, якія ўдзельнічалі ў гэтым міжнародным форуме. Падрабязнасці – у матэрыяле Ірэны Кацяловіч.

Якія памылкі зрабіў Захад у медыясупрацьстаянні з Расеяй, і як іх выправіць?

Ці будзе большасць беларусаў называць украінцаў «фашыстамі» і «нацыстамі» праз некалькі гадоў, як гэта сёння робяць расейцы? Як нам разам з заходнімі партнёрамі адказаць на расейскую прапаганду ў Беларусі і Украіне? Падчас канферэнцыі «Defence24 Day» адбылася дыскусія на гэтую тэму, у якой у якасці эксперткі ўдзельнічала і дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Яна распавяла аб памылках Захаду ў супрацьстаянні ў інфармацыйнай прасторы і пра тое, як выправіць гэтыя хібы.

Украіну прымуць у NATO ці дадуць гарантыі бяспекі, як Ізраілю?

Чырвоныя лініі, якія Масква вызначала Захаду ці Украіне, застаюцца ў мінулым. Калі Украіна пасля вайны не будзе ў NATO, у Еўропе не будзе рэальнага міру. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Латвіі Крыш’яныс Карыньш на супольнай прэсавай канферэнцыі з генеральным сакратаром Альянсу Енсам Стольтэнбэргам. Раней кіраўнік NATO таксама падкрэсліваў, што Украіна не зможа далучыцца да NATO, пакуль ідзе вайна. Таму ёй пакуль трэба забяспечыць будучую перамогу. Ці абмяжуецца дапамога саюзнікаў толькі зброяй? Ці ва Украіны ўсё ж ёсць шанцы атрымаць гарантыі бяспекі ў агляднай будучыні? Якімі могуць быць гэтыя гарантыі? Падрабязней – у сюжэце Святланы Аўчаровай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясоюглядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.