«Начальнік калоніі Талсцянкоў ад яе шалеў». Марыя Калеснікава ў ПК № 4. Мія Міткевіч


24 красавіка быў дзень нараджэння Марыі Калеснікавай, адной з лідарак беларусаў у 2020 годзе. Як начальнік Гомельскай калоніі Дзяніс Талсцянкоў шалеў ад нязломнай жанчыны, апавяла Мія Міткевіч, якая правяла 3 гады ў ПК № 4. Новы «Беларус беларусу».

«Марыя Калеснікава, калі прыехала ў калонію, была, натуральна, як і ўсе, у каранціне. Потым яна выйшла ў 18-ы атрад, яго таксама вядзе адзін з ідэйных аператыўнікаў – Кузняцоў. І, вядома, лёгка ёй не было. Былі розныя, скажам так, спробы зламаць Марыю, але чалавек яна проста нязломны. Напэўна, так правільна сказаць, гэта проста яскравы чалавек, і іх гэта таксама ятрыць. Іх разʼюшвае, калі мы ззяем. Іх нервуе, калі мы ўсміхаемся, і яе, скажам так, закрылі ад усіх, у памяшканні камернага тыпу. Калі я вызвалялася, яна была там. Але, наколькі мне вядома, яе пазбавілі цалкам усяго. Яна адрэзаная ад гэтага свету. І, мяркую, менавіта таму, што яна ззяе. Думаю, яна і ў ПКТ ззяе. Таму іх яшчэ больш ад гэтага бамбіць. І яна ўвесь час, калі хадзіла, усміхалася. Ейны погляд быў больш красамоўны за любыя словы. Гэта была каласальная падтрымка, якая іх таксама, натуральна, юшыла, асабліва такіх, як Кавалёў і Кузняцоў. Дый начальнік калоніі Талсцянкоў ад гэтага шалеў. Таму яе зачынілі ў памяшканні камернага тыпу, напэўна, мяркуючы, што чалавек нейкім чынам зменіцца. Але такія людзі, як яна, якія ззяюць знутры, не мяняюцца», – адзначае Мія Міткевіч.

Жанчына правяла за кратамі 3 гады і сёння намагаецца распачаць новае жыццё, аднавіўшы сваю танцавальную школу. Для гэтага неабходнае фінансавае падтрыманне, а таксама вы можаце запісацца на заняткі да Міі, як гэта зрабіла Яўгенія Доўгая, аўтарка праекту «Палітвязынка».

Калі вы жадаеце падтрымаць герояў, лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

Далучайся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там і Беларусь.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.