Захад паказаў зубы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Разбураем хлусню Лукашэнкі ў інтэрв’ю Бі-Бі-Сі

Звярніце ўвагу: сустрэліся дзве асобы, звязаныя з беларускаю Шклоўшчынаю. Аляксандр Лукашэнка там рос, а ў журналіста Бі-Бі-Сі Стыва Розэнбэрга з гэтых мясцінаў паходзіў дзед. У выніку даўно ніхто не бачыў такога раз’юшанага Лукашэнку на экранах, хоць версіі інтэрв’ю ад брытанскага тэлеканалу і ад лукашэнкаўскай прапаганды радыкальна адрозніваюцца. Зміцер Міцкевіч разабраў найбольш яскравыя факты хлусні з боку дыктатара, а таксама высветліў, чаму той так істэрычна паводзіў сябе ў часе размовы.

Беларускі дыктатар адступае ў гібрыднай вайне?

Цяпер на мяжы – нешматлікія спробы мігрантаў прарвацца на Захад, а на міжнароднай арэне Еўразвяз спрабуе дамовіцца з рэжымам у Менску пра дээскалацыю канфлікту. І Лукашэнка ўжо пайшоў на саступкі. Ці будзе захоўвацца гэтая тэндэнцыя, паразважала Яна Шэк.

Прамова Святланы Ціханоўскай пра «забытых еўрапейцаў» – як халодны душ для Еўропы. Ці пачулі крык душы беларусаў?

Выступ Святланы Ціханоўскай у Еўрапейскім парламенце 24 лістапада назвалі гістарычным. Мала каму дазваляюць так выступіць у гэтай установе. Сам факт – ужо вялікае дасягненне. Беларуская лідарка не пабаялася сказаць, што думаюць беларусы. Еўрадэпутаты сустрэлі авацыямі ейную крытыку афіцыйнага Бруселю. Аліна Коўшык па гарачых слядах распытала Святлану Ціханоўскую, адразу пасля ейнага выступу ў Страсбуры.

Рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ўдасца дзяліць і шантажаваць Еўразвяз?

У Вене прайшла міжнародная канферэнцыя пра будучыню Беларусі. Канферэнцыю зарганізавалі федэральны канцлер Аўстрыі Александэр Шаленбэрг і міністр замежных справаў Міхаэль Лінгарт пры ўдзеле Офісу Святланы Ціханоўскай. Прадстаўнікі Лукашэнкі не бралі ўдзелу ў венскім круглым стале. Міністр замежных справаў Аўстрыі запэўніў, што міграцыйны крызіс не здолеў адцягнуць увагі еўрапейскіх палітыкаў ад таго, што робіцца ўнутры Беларусі. Ці даб’юцца беларусы будучыні без Лукашэнкі? І як гатовая Заходняя Еўропа ў гэтым дапамагчы? Высвятляла Вольга Міцкевіч.

Ці мае Еўразвяз стратэгію наконт Беларусі? Інтэрв’ю з Робэртам Бедранем

«Мы павінны дамагчыся, каб дэмакратычная беларуская апазіцыя атрымала рэальную фінансавую дапамогу, не пасля таго, як рэжым рухне, бо нагадаю, што такія абяцанні былі: 3 мільярды еўраў. А цяпер, калі гэтыя грошы найбольш патрэбныя», – заявіў у інтэрв’ю Аліне Коўшык Робэрт Бедрань, польскі еўрадэпутат, старшыня дэлегацыі Еўрапарламенту ў справе дачыненняў з Беларуссю.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Алінаю Коўшык ды Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:40. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілях у Facebook і «Аднакласніках»! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum